Міхасю Скоблу – 50
23 лістапада аднаму з самых таленавітых беларускіх літаратараў Міхасю Скоблу спаўняецца паўстагоддзя. У гэты дзень і да канца лістапада яго будуць шчыра віншаваць з юбілеем сваякі, сябры, землякі і пісьменнікі. Будуць віншаваць ад чыстага сэрца, бо ён заслугоўвае самых шчырых і цёплых слоў у свой адрас. Бо ён за гэтыя гады на ніве нацыянальнай літаратуры і культуры зрабіў столькі, колькі не адолеў цэлы літаратурны інстытут. Гэта дзякуючы Міхасю свет пабачылі фундаментальныя працы – анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя “Краса і сіла” (2003) і сусветнай паэзіі ў беларускіх перакладах “Галасы з-за небакраю» (2008). Гэта дзякуючы Міхасю Скоблу асобнымі кнігамі выйшлі з друку творы Ларысы Геніюш, Рыгора Крушыны, Уладзіміра Жылкі, Зоські Верас, Алеся Салаўя, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса і іншых аўтараў.
Яшчэ ў 1982 годзе, калі ён быў вучнем Дзярэчынскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна, апублікаваў першыя вершы ў зэльвенскай райгазеце “Праца”. А потым выдаў свой першы паэтычны зборнік “Вечны Зніч”:
Цалкам радзіме сплачаны
Нашы не ўсе даўгі.
Матчына мова – спадчына,
Белыя берагі…
Услед за “Вечным Знічом” пісаліся і выдаваліся новыя кнігі: “Вочы Савы”, “Нашэсце Поўдні”, “Акно для матылькоў”, кнігі літаратурных пародый “Розгі ў розніцу”, зборнік вершаў для дзяцей “Камень-перунок”, кніга ўспамінаў і развагаў “Саркафагі страху”. Міхась Скобла адзін з першых цікава апісаў сваё роднае мястэчка Дзярэчын і выдаў асобнай кнігай “Дзярэчынскі дыярыюш” (1999).
Міхась Скобла яшчэ і добры журналіст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ён шмат зрабіў і робіць дзеля ўшанавання вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Гэта дзякуючы яго задумцы ў 1995 годзе ў Слонімскай друкарні пабачыла свет факсімільнае выданне першай кнігі паэткі “Ад родных ніў”. Гэта Міхась Скобла рыхтаваў і выдаваў, рупіўся і збіраў па крупінцы амаль усе выданні Ларысы Геніюш, што вайшлі ў Беларусі. Спіс разнастайных прац і задумак юбіляра сёння проста немагчыма пералічыць. Таму ў дзень 50-годдзя Міхася Скоблы хочацца пажадаць яму творчых сіл, адкрыццяў і багатых літаратурных пошукаў і, вядома ж, моцнага на ўсё гэта здароўя!
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя