290 гадоў з дня нараджэння Станіслава Богуша-Сестранцэвіча



Палітычны і царкоўны дзеяч, літаратар, навуковец-славіст Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч нарадзіўся 3 верасня 1731 года ў маёнтку Занкі (Свіслацкі раён). Быў прадстаўніком пратэстанцкага шляхецкага роду ўласнага гербу, сынам Івана, старадубскага кусташа і Карнеліі з роду Адзінцовых.

Герб роду Богушаў-Сестранцэвічаў

Будучы кальвіністам, скончыў Слуцкую гімназію, далей вучыўся ва ўніверсітэтах Караляўца, Франкфурта, Амстэрдама і Лондана. Служыў у пяхоце прускага войска, у літоўскай кавалерыі. У 1761 г. пайшоў у адстаўку ў чыне капітана. За час службы ў войску не займеў сродкаў для жыцця, таму ўладкаваўся на працу настаўнікам да Радзівілаў. Змяніў сваю веру і прыняў каталіцтва. Прычынай гэтага магло быць рознае: магчыма, гэта вяртанне да веры маці; альбо няўдалае каханне, калі дзяўчына не пажадала выйсці замуж за кальвініста; або цікавасць каталіцкага ордэна піяраў да вельмі адукаванага маладога чалавека.

У 1762 г. праслухаў курс багаслоўя ў галоўнай калегіі піяраў у Варшаве, у наступным годзе пасвечаны ў духоўны сан. Служыў пробашчам у Бабруйскай і Гомельскай парафіях. У 1773 годзе – тытулярны біскуп Малінскі, атрымаў прызначэнне на Беларускую суфраганію Віленскай архідыяцэзіі. У 1780 г. Кацярына ІІ звярнулася да Папы Піуса VI па дазвол на стварэнне ў Беларусі каталіцкага арцыбіскупства са сталіцай у Магілёве на чале з Богуш-Сестранцэвічам. 8 снежня 1783 г. атрымаў прызначэнне на афіцыйна ўтвораную Ватыканам Магілёўскую арцыдыяцэзію. Арцыбіскупства складалася з касцёлаў у Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губернях, а таксама ў цэнтральнай частцы Расейскай імперыі. Заснаваў Магілёўскую друкарню, у якой выдавалася духоўная і свецкая літаратура. З 1780 г. жыў стала ў Магілёве, заснаваў там тэатр.

З 1801 г. і да канца сваіх дзён жыў у Пецярбургу. Апекаваўся навукай, сам займаўся гісторыяй, філалогіяй, медыцынай, іншымі навукамі. З 1813 г. – прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства і часова – прэзідэнт Расейскай Акадэміі навук. Вёў паспяховую гаспадарчую дзейнасць: заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі друкары і дываноўшчыкі, меў цудоўную аранжарэю ў мясцовасці Буйнічы ў ваколіцах Магілёва. Да канца жыцця заставаўся арцыбіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расеі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынём рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. Спрыяў адкрыццю школаў у Беларусі, развіццю кнігадрукавання.

Дом Дзяржавіна на Фантанцы, у якім з 1846 года месцілася Рымска-каталіцкая духоўная калегія

Меў шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды. Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю Гіцыя ў Таўрыдзе”, а таксама трагедыю ў пяці дзеях Ора. У 1793 г. у Магілёве выйшла кніга Богуш-Сестранцэвіча Аб Заходняй Русі (на польскай мове). Пазней напісаў Гісторыю Таўрыі, Аб паходжанні славян і сарматаў. У рукапісах пакінуў паэмы Выратаваны кароль і Аб узяцці Ачакава. Магчыма, менавіта ён склаў Граматыку літоўскую са слоўнікам (не публікавалася, рукапіс ня знойдзены). Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.

Бюст Богуша-Сестранцэвіча ў Пецярбургу

Памёр 1 снежня 1826 года ў Пецярбургу на 96-ым годзе жыцця. Сваю маёмасць пакінуў сваякам; бібліятэку (3 тысячы тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), розныя навуковыя рэчы і прылады – касцёлу Святога Станіслава ў Пецярбургу (дзе пахаваны); дом у Магілёве – Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Ягоных слугаў нашчадкі мусілі вызваліць з прыгону. У Беларусі яго памяць не ўшанаваная.

Беларускае Радыё Рацыя