3 сакавіка — Сусветны дзень пісьменніка
Сусветны дзень пісьменніка заклікае змагацца супраць фальсіфікацыі і хлусні ў друку. 30 гадоў таму на міжнародным кангрэсе ПЭН-клубу ў Лондане было прынятае рашэнне аб’явіць 3-га сакавіка Днём пісьменніка. У нашы часы сэнс Дня пісьменніка змяніўся.
Цяпер 3-га сакавіка — добрая нагода, каб адзначыць лепшых асобаў, якія дасягнулі поспеху ў літаратурнай дзейнасці. Так у Пінску адбылася творчая сустрэча з паэтам Анатолем Шушко. Літаратар згадаў, хто паўплываў на ягонае станаўленне:
— Алег Антонавіч Лойка і Ніл Сымонавіч Гілевіч — гэта галоўныя асобы, бо вучачыся на філфаку я бачыў іх амаль штодня. Той жа Варлен Леанідавіч Бечык паўплываў, бо гэта ён дазволіў мне выйсці ў свет. З ягонай лёгкай рукі мяне надрукавалі у ЛіМ-е ў 1971 годзе. Цудоўная падборка: разам з Яўгеніяй Янішчыц у тым незабыўным нумары.
У Менску ў Дзень пісьменніка адбудзецца дзве вечарыны: у Літаратурным музеі Петруся Броўкі а 19-й гадзіне. Першая з цыклу адкрытых лекцыяў Андрэя Хадановіча, а ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча таксама а 19-й гадзіне канцэрт «Напрадвесні».
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя