30 гадоў таму пачаў выдавацца «Голас часу»
У ліпені 1989 года ў Лондане пачаў выдавацца часопіс на беларускай мове «Голас часу». Ён выдаваўся да 1996 года. Гэта быў царкоўна-грамадскі часопіс праваслаўных беларусаў. Сярод аўтараў, якія пісалі ў часопіс, былі тыя беларусы, якія жылі ў розных краінах свету, ды і распаўсюджваўся «Голас часу» у Еўропе, ЗША і Аўстраліі, а таксама дасылаўся на Беларусь.
Найбольшую ўвагу аўтары часопісу надавалі пытанням праваслаўнай царквы, гісторыі хрысціянства, развіццю культуры народаў свету. Выказваліся ўласныя суб’ектыўныя погляды аўтараў на каталіцызм і ўніяцтва, шмат часопіс пісаў пра Беларусь, яе гісторыю і нацыянальнае адраджэнне.
Рэдагаваў «Голас часу» Юры Весялкоўскі з Лондана. Дарэчы, спадар Весялкоўскі яшчэ жыве. Сёлета яму споўнілася 95 гадоў. Да «Голасу часу» Юры Весялкоўскі рэдагаваў часопісы «Аб’яднанне» (1942-1962) і «Званіца» (1974-1976). Ён напісаў і выдаў шэраг кніг па гісторыі Беларусі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя