30 верасня – Дзень памяці святых пакутніц Веры, Надзеі і Любові



30 верасня  Праваслаўная Царква адзначае памяць святых пакутніц: Веры, Надзеі і Любові ды іхнай маці Сафіі. Яны жылі ў першай палове ІІ стагоддзя ў Італіі ў час панавання імператара Адрыяна. Назваўшы дачок імёнамі трох хрысціянскіх, біблейскіх цнотаў, званых  „боскімі”, па грэцку Пісціс, Элпіс і Агапэ; па-лаціне Fides, Spes, Caritas, удава-маці Сафія выхавала сваіх дачок у хрысціянскім духу. Калі чуткі пра хрысціянскую сям’ю дайшлі да самога імператара, той асабіста захацеў пабачыць тры дочкі і іхную маці-ўдаву. Усе чатыры былі выкліканыя ў Рым і сталі перад імператарам. Перад ім яны адкрыта і смела прызналі, што яны-хрысціянкі. Валадар загадаў адаслаць дзяўчынак да адной паганкі, каб тая пераканала іх адрачыся ад Хрыста, аднак дарэмна. Тады імператар загадаў маладым хрысціянкам прынесці ахвяру паганскім багам, аднак тыя рашуча адмовіліся. Раззлаваны імператар аддаў іх на катаванні, пачынаючы з найстарэйшай Веры. Калі агонь і кіпучая смала не спрычынілі ёй ніякай шкоды, тады Веры адрубілі галаву мячом. Натхнёныя мужнасцю старэйшай сястры Надзея і Любоў таксама мужна перанеслі жорсткія катаванні і таксама былі абязгалоўленыя. Іхную маці Сафію не мучылі, але яна перажыла невыказныя душэўныя пакуты, гледзячы на катаванні дачок і нарэшце на іхную смерць.

Атрымаўшы целы дачок маці адвезла іх за горад і пахавала на ўзвышаным месцы. Тры дні яна не адыходзіла ад магілы і нарэшце ціха памерла сама.  Памерлі ўсе чатыры: Вера, Надзея, Любоў і Сафія у 137 годзе. Найстарэйшай Веры было ўсяго 12 гадоў, Надзеі – 10, а Любові – 9. Іх імёны, а таксама імя Сафія – што азначае “мудрасць” вельмі папулярныя ў Праваслаўнай Царкве.

Частка мошчаў святой Сафіі захоўваецца ў храме ў Эшо непадалёку ад Страсбура ў Францыі, куды штогод прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў, асабліва з Усходняй Еўропы. Аднак мошчы Веры, Надзеі і Любові таксама захоўваныя там з 8-га стагоддзя былі зрабаваныя альбо знішчаныя ў час Вялікай французкай рэвалюцыі і іх далейшы лёс невядомы. Сёння імяніны ў вялікай часткі праваслаўных жанчын.

svyataya-sofiya-i-ee-docheri

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя