35 гадоў таму выйшаў першы зборнік Алеся Пісьмянкова



У менскім выдавецтве “Мастацкая літаратура” 35 гадоў таму выйшаў першы паэтычны зборнік аднаго з самых адметных, шчырых і таленавітых паэтаў Беларусі Алеся Пісьмянкова (1957-2004). Зборнік меў назву “Белы Камень”:

Ты адбі мне тэлеграму,

Што у нашай старане

Ў ціхай вёсцы Белы Камень

Выпаў белы-белы снег… Пазней на гэты верш магілёўскі кампазітар Мікола Яцкоў напіша музыку і песня часта будзе гучаць на розных мерапрыемствах.

А сам зборнік “Белы камень” быў даволі яркім, дзе паэт асэнсоўваў час і сябе ў часе. Сюды ўвайшлі вершы, у якіх апяваецца вернасць роднай Бацькаўшчыне, хараство роднай прыроды і чысціня юнацкага кахання. Для творчай манеры Алеся Пісьмянкова заўсёды былі характэрныя прачулы лірызм, непасрэднасць і шчырасць паэтычнай інтанацыі. Паэт пастаянна думаў вершы. І яны запаміналіся, і адрозніваліся ад іншых аўтараў сваёй прастатой, вобразнасцю і мініяцюрнасцю:

Зямля! Дай моцы сыну,

Няхай ускрэсне ў ім

І з Полацка – Скарына,

І з Крошына – Багрым.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя