39 гадоў таму памёр Уладзімер Караткевіч
25 ліпеня 1984 г. памёр Уладзімер Караткевіч
Будучы класік беларускай літаратуры з’явіўся на свет у Оршы ў 1930 годзе, дзе і атрымаў сярэднюю адукацыю.
У 1954 годзе скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у 1954–1956 гадах. Потым вучыўся зноў, але ўжо пісьменніцкаму майстэрству. У 1962 годзе перабраўся ў Мінск на сталае жыхарства.
Публікавацца пачаў яшчэ ў 1951 годзе. Праявіў сябе як пісьменнік, паэт, публіцыст, крытык і драматург. З 1957 года сябра Саюза пісьменнікаў. Аўтар раманаў, шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей, а таксама п’ес. Самыя вядомыя творы — «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зямля пад белымі крыламі».
Менавіта дзякуючы ягонай творчасці многія прыйшлі ў беларускую справу яшчэ за савецкім часам. Тэксты Караткевіча натхнялі да цікавасці сваёй мінуўшчынай, рабілі чытачоў неабыякавымі да беларускай гісторыі і культуры.
Пайшоў з жыцця Уладзімер Караткевіч у 54 гады пасля працяглай хваробы.
Беларускае Радыё Рацыя