„400-годдзе беларускага БУКВАРА” ў Гародні
У Гародні 9-га верасня пройдзе шэраг мерапрыемстваў, якія арганізуе Гарадзенская епархія БПЦ. Яны прысвечаны дню беларускага пісьменства і 400-годдзю першага „Буквара”.
З раніцы ўдзельнікаў чакаюць Боская літургія па-беларуску, акафіст „Найсалодкаму імю Ісусу Хрысту”, складзены Скарынам, пасля свята перанясецца ў залю па вуліцы Акадэмічнай.
Кажа святар Свята-Пакроўскага Сабора айцец Павел Каспяровіч:
– Святкаванне Дня беларускага пісьменства становіцца ўжо традыцыяй у Гарадзенскай епархіі. Кожны год мы праводзім святочныя мерапрыемствы і намагаемся раскрываць якую-небудзь новую тэму. Мы разглядалі творчасць гарадзенскіх паэтаў, потым разглядалі творчасць народных паэтаў Беларусі. У мінулым годзе мы прэзентавалі пераклад Новага Запавету на беларускую мову. У гэтым годзе мы далучаемся да святкавання 400-годдзя выдання беларускага Буквара.
Цэнтральным месцам вечарыны, якая пачнецца а 18:00, стане выступ Алеся Сушы, супрацоўніка Нацыянальнай бібліятэкі. Там жа пройдзе і прэзентацыя факсімільнага выдання „Буквара” 1618 года. Пра тое, што яшчэ чакае наведнікаў свята, кажа айцец Павел Кспяровіч:
– Гэта наша традыцыя – сумяшчаць навуковую ці багаслоўскую частку ды музычную частку. У гэтым годзе ў нас будзе праводзіцца цікавая філатэлістычная выстава калекцыянера з мястэчка Лунна Лявона Карповіча, дзе будзе паказана біблейская гісторыя ілюстраваная паштовымі маркамі, а таксама выступленне аўтара-выканаўцы Алеся Закрэўскага.
Арганізатары запрашаюць усіх жадаючых. Уваход вольны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня