5 сустрэч з Барадуліным



Ужо больш двух гадоў няма з намі Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Валодаць Беларускім словам лепей за знакамітага дзядзьку Рыгора проста немагчыма, яго лексікон быў настолькі насычаны, настолькі ўнікальны, што пераклады Барадуліна з беларускай мовы нават на паэтычныя французскую, італьянскую мовы не могуць перадаць усяго, што хацеў сказаць аўтар. Толькі на роднай мове можна цалкам адчуць такую паэзію. Вядомая паэтка з Воршы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Яўгенія Казлова, узгадвае свае сустрэчы з Рыгорам Барадуліным, кожная з якіх была непаўторнай і раскрывала асобу паэта па-новаму.

IMG_20160223_173115

Даем слова самой Яўгеніі Казловай, якая піша свае вершы яшчэ і пад псеўданімам Эмілія Ліцвіновіч.

Першая сустрэча. Лета, 1967 год.

   Сенненшчына, калгас “Сцяг перамогі”. У гэтых мясцінах, у вёсцы Дубаўцы, я праводзіла ўсе свае летнія вакацыі, у роднай цёткі. Ведала мясцовасць вельмі добра. Я імкнулася патрапіць на адкрыццё мемарыялу, прысвечанага палеглым ў Другой Сусветнай вайне землякам, сярод іх былі і мае тры дзядзькі – Іван, Васіль і Ягор Семерыковы. Гэта прозвішча характэрна якраз для Сенненшчыны, нідзе ў Беларусі яго больш няма. Калі сустрэнеце ў нашай краіне такое прозвішча, дык ведайце – гэты чалавек паходзіць з Сенненшчыны.

Дабіралася сваім шляхам. Ехала аўтобусам Багушэўск – Сянно. Але на ўрачыстую частку ўсё-ткі не паспела. Потым я запыталася ў гасцей мерапрыемства, ці едуць яны праз мой родны Багушэўск. Атрымала падцверджанне і села ў аўтобус. Я агледзелася наўкол, і ўбачыла проста над сабой Рыгора Барадуліна. Я адразу пазнала яго, ён меў вельмі яскравую знешнасць. Вочы паэта зіхцелі, шапка валасоў і чорная барада дадавалі яму прыгажосці. Гэта такая знешнасць, якая запамінаецца. На сустрэчы былі і скульптары, і мастакі, але я нікога не памятаю, толькі Барадуліна. Тады будучаму народнаму паэту было 32 гады, бо мне ў той час было ўсяго 18. Я была худзенькая, са светлымі валосікамі і блакітнымі вочкамі.

Некалькі хвілін мы проста ехалі, а потым Барадулін спытаўся, памятаю даслоўна: “А дзе нарадзілася гэта дзяўчына?” Я наогул не чакала, што ён са мной загаворыць і таму разгубілася. І адказала так, што мне і дагэтуль сорамна – на расейскай мове: “Я родилась в Вильнюсе”. Усё, пытанняў у яго да мяне больш не было. Шмат гадоў я ўзгадваю гэта, і мяне ахоплівае непрыемнае пачуццё сораму і віны, я ж беларуска. Лёс склаўся так, што наша сям’я вымушана была пакінуць Вільню і пераехаць на Сенненшчыну, маміну малую радзіму. З 1995 года я зрабілася сталай слухачкай “Радыё Свабода” і там аднойчы ў наўпроставым эфіры папрасіла ў Рыгора Іванавіча прабачэння за тую сітуацыю. Я даўно ўжо карыстаюся выключна нашай, Богам дадзенай мовай і лічу беларускую мову неад’емнай часткай нашай нацыі, гэтаксама лічыў і Рыгор Барадулін.

Другая сустрэча. 25 чэрвеня 2002 года.

   Ворша, дом-музей Уладзіміра Караткевіча. Гэта быў першы год працы музея пасля яго адкрыцця. А я ў свой час працавала якраз на гэтым месцы, дзе ён цяпер стаіць. Там раней знаходзіўся адзін з будынкаў  санітарнай станцыі. Я была вельмі шчаслівая, што прыязджае Барадулін, увогуле заўсёды хаджу на сустрэчы з разумнымі таленавітымі людзьмі. На сустрэчу прыйшла з кнігай, зборам твораў, якую мне падарыла мая каляжанка. У той вечар аўтар падпісаў мне яе. Прыгадваю, што асабліва ў кнізе я ўпадабала вершы “Трыкірый”, “Ружанец” і “Псальмы Давідавы”. Запомнілася, як Барадулін распавядаў пра свайго хатняга “бандзюгана” – ката Мірона, які любіў ускараскацца паэту на спіну. Тады на сустрэчы я прачытала адзін з вершаў Рыгора Іванавіча.

Трэцяя сустрэча. Лета, 2005 год.

   Полацк, уніяцкая царква. Спякота, гарачыня дасягнулі такога ўзроўню, што над Барадуліным, які прыехаў у грэка-каталіцкую царкву ў найстаражытнейшым горадзе нашай Бацькаўшчыны, маладыя людзі ўсю сустрэчу трымалі парасон. А прыехаў ён у Полацк са сваёй жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Напачатку Барадулін сядзеў сам на адным крэсле пад сонцам, я прыехала рана і заўважыла яго. Жаданне павітацца перамагло, і я падышла. У той дзень народнага паэта ўганароўвалі граматай.

Варта сказаць, што я перажывала тады няпросты час, на мяне наваліліся жыццёвыя праблемы, у якіх я была часткова вінаватая і сама, а можа й не. Тады, у Полацку, я спавядалася невядомаму мне ўніяцкаму святару. У цэлым святароў з розных парафій і вернікаў з усёй Беларусі было шмат. Гэта дазволіла мне меркаваць, што наша ўніяцкая царква ўздымаецца, усё больш людзей моляцца на нашай мове, шануюць нашы нацыянальныя традыцыі, памяць нашых продкаў. У царкву на малебен прыехалі семінарысты з Украіны. Відаць, дарога ў Полацк гэтым маладым хлопчыкам далася няпроста, і яны аж хісталіся ад стомы, але спрабавалі перамагчы сон. Той дзень мне добра запомніўся, было прыемна, што я знаходжуся менавіта ў гэты дзень, у гэты час і  ў гэтым месцы.

Чацвертая сустрэча. 30 ліпеня 2006 года.

   Ворша, касцёл св.Язэпа. У гэты дзень у нашым горадзе прайшла прэзентацыя кнігі “Рымскі дыпціх”. Усе ведаюць, што Барадулін за год да гэтага наведаў Ватыкан, дзе разам з архмандрытам Сяргеем Гаекам быў на аўдыенцыі ў Папы Рымскага, якім тады яшчэ з’яўляўся Ян Павел ІІ. Уражанні былі вялікімі, і ў паэта нарадзілася цудоўная кніга. Напярэдадні гэтай сустрэчы яе падарыў мне малады святар, манах-марыянін Андрэй Сідаровіч, які ў той год нёс службу у нашым касцёле. Ён вёў і рыма-каталіцкую імшу, і нашу грэка-каталіцкую літургію. Айцец Андрэй ведаў, што я цікаўлюся і займаюся паэзіяй і што Рыгор Барадулін мой любімы паэт. Я вывучыла напамяць недзе траціну “Рымскага дыпціху” і на сустрэчы наважылася прачытаць колькі вершаў. Але на самым першым вершы запнулася, мабыць, ад страху. Аднак выправілася і працягнула чытаць далей. Рыгор Іванавіч падпісаў мне і гэту кнігу.

Не забуду і скажу, як падышла да Барадуліна ў гэты вечар. Я наважылася і спытала ў яго, ці памятае ён мяне, тую маладзенькую 18-гадовую дзяўчыну, тую нашу сустрэчу на Сенненшчыне. Рыгор Іванавіч упэўнена адказаў: “Так, памятаю гэтыя дзівосныя вочы”.

IMG_20160223_173322

Пятая сустрэча. Жнівень, 2006 год.

   Росіца, касцёл. У хуткім часе пасля сустрэчы ў аршанскім касцёле Барадулін і я сустрэліся ўжо ў знакамітым касцёле ў Росіцы. Вядомае месца на Віцебшчыне, знакамітае святарамі-пакутнікамі і вернікамі, жыхарамі вёскі, якія былі спаленыя нацыстамі. І чароўны касцёл з чырвонай цэглы. Калі маеце магчымасць адправіцца туды ў пілігрымку альбо проста ў турыстычную паездку – абавязкова скарыстайце такую магчымасць!

IMG_20160223_174459

Барадулін паехаў у Росіцу з бардам Алесем Камоцкім. І там таксама прэзентаваўся “Рымскі дыпціх”. У касцёле было чалавек дзвесце, нягледзячы на начны час. У такі перыяд у пілігрымках якраз бываюць начныя чуванні. Прыканцы сустрэчы сам Барадулін спытаў, ці хоча нехта яшчэ выйсці і выступіць перад людзьмі. Я падумала, а чаму б і не, я ж ведаю столькі барадулінскіх вершаў, у тым ліку і з “Рымскага дыпціху”. Я чытала перад вялікай аўдыторыяй хвілін пятнаццаць, а скончыла выступ такімі словамі з яго новай кнігі:

Там, спакоем сена сноў растрэсена,

Кнігаўка над кнігай лёсу плача,

“Рым” – рыпіць расчулена бярэзіна,

Шэпча стрыманы чарот “Вушача”!

У Росіцы тады я атрымала шмат падзякаў за чытанне вершаў, чытала ў цішыні, бо ўсе ўважліва слухалі, а потым зацята пляскалі ў далоні. Я падзякавала публіцы, а Рыгор Іванавіч устаў з-за стала, падышоў да мяне, прыхінуўся сваёй правай шчакой да маёй адной шчакі, потым да другой. Атрымалася такое хрысціянскае вітанне. А яшчэ ўзяў маю руку, нахіліўся і пацалаваў. Я ў адказ, пакуль яго рукі былі на маёй руцэ, тройчы пацалавала іх. Так скончылася мая пятая незабыўная сустрэча з вялікім Беларусам, цудоўным майстрам слова, сапраўдным патрыётам Бацькаўшчыны.

Baradulin

Але трэба сказаць, што была і шостая сустрэча з Паэтам. Жалобная, развітальная. У Чырвоным касцёле ў Менску, дзе стаяла труна з целам нябожчыка. Свае ўражанні ад гэтага дня я перадала ў сваім вершы-эпітафіі “Сустрэнь яго, Божа”. Людзей тады было вельмі шмат, яны ішлі, ускладалі кветкі, кветак было столькі, што ўжо і цела не было відаць. Паехаць на пахаванне ў Вушачы не атрымалася, але ўжо ў траўні са сваім знаёмым, таксама неабыякавым да творчасці і асобы Рыгора Іванавіча чалавекам, мы з’ездзілі на могілкі, дзе палову дня прастаялі каля магілы Барадуліна, чыталі яго творы, чыталі і вершы, прысвечаныя мной яму.

P.S. Так атрымалася, што два вершы я прысвяціла Рыгору Барадуліну пры жыцці, а яшчэ адзін быў напісаны ўжо як верш-эпітафія, пасля цяжкога дня, калі я прыязджала ў Менск у Чырвоны касцёл на развітанне з Народным паэтам. Вось прыжыццёвы верш:

Ніколі не будуць імёны побач,

Маё і ваша вялікае.

Але як Небам пакліканы пробашч,

Так сэрца маё вас клікала.

Даруйце нязначнасць маю, паэце,

Смеласць маю таксама,

Для вас даражэй за ўсяго на свеце:

Бог, Беларусь і мама.

Не зблытаю з іншымі голас ніколі,

Паэзіі вашай узнёслай.

Вы для мяне нібы крылы патолі

Ці чоўна жыццёвага вёслы.

І кожны радок, што вамі абраны,

Лёг у душу трывала,

Лечыць яе застарэлыя раны,

Каб здаравейшай стала.

А вось і верш-эпітафія “Сустрэнь яго, Божа”.

Мора кветак і людзей рака,

У касцёле Чырвоным сёння.

Усё ідуць і ідуць як з прадоння,

Пераксціцца імкнецца рука.

Пад скляпеннямі Храма арган,

Разлівае сваё гучанне.

І людское наўкол маўчанне, –

Затаіўся нябачны груган.

Чорны знак непапраўнай бяды,

Не хаваюць слёз сваіх людзі,

Цяжкім смуткам прасякнуты грудзі,

І не розняць нікога гады.

Адыходам у вечнасць Паэт,

Геній слова і волат духу,

Ускалыхнуў невымерную скруху,

У жалобе крывіцкі ўвесь свет.

Ты пачуй голас сэрца майго,

І сустрэнь яго, добры Божа!

Хай жа светлае пераможа,

Адчыні браму дома свайго.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя