50 імпрэзаў за год існавання ў гарадзенскай “Цудоўні”
Гарадзенская арт-пляцоўка “Цудоўня” адзначае год з пачатку свайго існавання. За гэты час тут адбылося з паўсотні культурных мерапрыемстваў: маленькія канцэрты, прэзентацыі кніг гарадзенскіх гісторыкаў, розныя майстар-класы.
На некаторыя “Гістарычныя аўторкі”, што ладзіліся у “Цудоўні” апошнія паўгода, прыходзіла амаль па паўсотні гарадзенцаў. А 22 красавіка менавіта тут адбудзецца прагляд відэаролікаў, якія былі знятыя падчас трохдзённага трэнінгу „Шпацыр па памяці” у Гародні.
Што ўдалося зрабіць за гэты год, распавядае адзін з яе заснавальнікаў Андрэй Несцяровіч:
– Мы выжылі за год. Гэта было, напэўна, самае складанае і самае цікавае, таму што з абсалютнага нуля раскруціць новы праект не ў самай прыбытковай сферы было сапраўды нялёгка.
Музыка Юрый Дубовік:
– Пляцоўка “Цудоўня” дапамагае розным музыкам даносіць свае творы да слухачоў. Тут таксама шмат цудоўных рэчаў, якія характарызуюць этнастыль, нашу беларускую культуру.
“Цудоўня” – гэта месца, дзе разам сабраліся тры гарадзенскія крамы: “Кубік”, якая прапануе настольныя гульні, “33 камоды” і “крама Ц”, дзе можна замовіць вырабы рамеснікаў з усёй Беларусі.
Па словах Андрэя Несцяровіча, любы гарадзенец, што цікавіцца беларускай культурай, знойдзе ў “Цудоўні” для сябе нешта цікавае.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня