55-ыя ўгодкі Анатоля Сыса адзначаць у роднай вёсцы паэта



У фармаце традыцыйнага фэста на радзіме паэта адзначаць 55-ыя ўгодкі Анатоля Сыса. У вёсцы Гарошкаў, што на Гомельшчыне, адбудзецца свята паэзіі. У месцы, дзе нарадзіўся адзін з найбольш самабытных беларускіх паэтаў, збяруцца вядомыя пісьменнікі і музыкі.

Гомельская выканаўца Вальжына Цярэшчанка кожны год прыязджае на фэст у гонар Анатоля Сыса:

– Як чалавек, які вельмі любіць яго паэзію, удзячная іншым сябрам, якія выдавалі яго кнігі ўжо пасмяротныя, Валянціне Якімовіч і Алесю Бяляцкаму, за тое, што яны неслі гэтую памяць пра Анатоля і нясуць па сённяшні дзень у сваіх выданнях, у сваіх кнігах. Год таму склалася песня на верш Анатоля Сыса «Свае руны мне не вышыць». Я думаю, што паэты жывуць у сваіх творах і будуць жыць на стагоддзі і стагоддзі. Слаўны чалавек, слаўны паэт, слаўны сын сваёй зямлі.

Фэст паэзіі „Дух – гэта, людзі, Я!” адбудзецца 25 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну. У мерапрыемстве збіраюцца ўдзельнічаць Уладзімір Арлоў, Славамір Адамовіч, Андрэй Хадановіч, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч і шэраг іншых вядомых літаратараў і паэтаў.

Беларускае Радыё Рацыя