60 гадоў таму выйшаў першы зборнік Міколы Арочкі
Першы зборнік вершаў беларускага паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук Міколы Арочкі (1930-2013) пабачыў свет роўна 60 гадоў таму ў Менску ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Зборнік меў назву “Не ўсе лугі пакошаны…”. Ён выйшаў накладам 3 тысячы асобнікаў. Рэдагаваў выданне вядомы паэт Аляксей Зарыцкі.
Зборнік адкрываўся вершамі “Пакуль малады” і “На канікулах”. Шчырыя радкі маладога аўтара са Слонімшчыны проста зачароўвалі:
Іду, як заварожаны,
А спеў плыве з-за гаці:
“Ці ўсе лугі пакошаны,
Ці ўсе сенажаці…
Паэт пісаў пра вёску, пра зімовыя вечары, пра вяскоўцаў і родную зямлю, пра жніво і хутаранінаў, пра тое, што добра ведаў, перажыў, бачыў і што хвалявала.
Мікола Арочка з маці ў роднай вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна, 1958 год. Фота Янкі Брыля
Прайдуць гады і Мікола Арочка напіша і выдасць яшчэ дзесяткі кніг на самыя розныя тэмы.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя