60 гадоў Валянціну Дубатоўку
Пісаць прозу – нялёгкая праца ў беларускай літаратуры. Як казаў у свой час прафесар Аляксей Пяткевіч, старэйшы сябра Валянціна Дубатоўкі, – «пісаць прозу цяжка ў наш час, бо яна занадта літаратурна-кніжная. Гэта значыць, аўтар піша так, як дыктуецца засвоенымі законамі, якія дае школа. А проза павінна даваць адбіткі жыцця».
Паходзіць наш герой, з мястэчка Дзярэчын. Але звязвае сваё маленства з хутарам Нябайкі, свайго, па кудзелі, дзеда Міхася Рыбака. Хутар ягоны стаяў побач з «фальваркам» роду прафесара Паўла Сцяцка. Дзед быў самавітым, здольным на ўсякую справу. Скончыў Слонімскую гімназію, валодаў апрача роднай – беларускай, польскай, ангельскай, расейскай мовамі. Выпісваў беларускі часопіс для ратаяў «Саха». Рабіў туды допісы. Дзяліўся ўласнымі думкамі з іншымі чытачамі перыёдыкі.
Як бачым, вобраз гаспадара, які добра стаіць на «ўласных нагах», у меру заможны – гэта не той вобраз, які сцверджаны ў пралетарскай літаратуры, дзе акцэнт рабіўся на тужлівы і гаротны лёс беларуса, пра курныя хаты, і адвечную цемру.
Валянцін Дубатоўка не з таго роду, пра каго пісалася яшчэ зусім нядаўна. Дом дзеда – быў мураваны, двухпавярховы, з дыхтоўнымі, не ахапіць прастору рукамі – лёхамі. Фасад упрыгожаны портыкам з калонамі.
Бацькі былі занятыя на працы, таму ўнук Валік быў са сваім дзедам у кожную вольную часіну. Хоць Міхась Рыбак быў пабожным хрысціянінам, Валянцін не адчуваў з яго боку прымусу ў патрэбе рэлігійнага жыцця, але дзед заахвочваў унука. Бо, «даспець мае сам», – меркаваў дзед. У кожным выпадку: асэнсаванае чытво ўнуку давалася з кнігі кнігаў – Бібліі.
Размовы ў доме вяліся выключна па-беларуску. Той выпадак, які гаворыць пра большую нацыянальную свядомасць за тую, якую цяпер маюць некаторыя беларускія дзеячы стасоўна ўласных дзяцей.
Два ставы, што належылі дзеду, пасля прыходу савецкай улады былі забраныя. І як здзіўляўся Валянцін, што іх так і не далучылі да камуністычнай гаспадаркі і праз дзесяць і праз дваццаць год. Яны былі воддаль, і заставаліся нібыта пуставаць. Улюбёнае месца парыбаліць малому Валянціну, дзе заўсёды была рыба.
Аналізаваць пра наш лёс, пра таталітарную сістэму камунізму дзед Міхась любіў. Набыўшы радыёпрыймач, штовечары слухаў «варожыя галасы» на сярэдніх і кароткіх хвалях.
На жаль, як кожная беларуская сям’я таго часу сям’я Валянціна Дубатоўкі мусіла была прыстасоўвацца да двух стандартаў: афіцыйнага, каб мець маску лаяльнага чалавека, уступіўшы ў піянерыю, камсамол, ды крытычнага, нацыянальнага, з еўрапейскай цывілізацыйнай парадыгмай, дзе свабода слова, веравызнання, шанавання свайго роднага цеплілася і гарэла толькі там, быў давер асцярожных.
Колькі такіх было дзяцей тае пары — у школе адно, а ў хаце — іншае. Хаця варта прызнаць шмат было такіх, хто свята верыў у перамогу камунізму, яшчэ пры нашым жыцці.
У Дубатоўкаў жа, адзначалі толькі царкоўныя святы.
Іронія жыцця была ў тым, што хаця большасць сям’і «была партыйнай, а пляменнік дзеда Міхася нават займаў партыйную пасаду — адзначалі Вялікдзень па даўнім хрысціянскім звычаі.
Дзед Міхась на хутары быў гаспадаром да скону: за Палякамі, за Саветамі, за Немцамі.
Яму, Валянцін Дубатоўка і прысвяціў сваё апавяданне «Боты», якое з’яўляецца фактычна біяграфічным.
Апавяданне пра падзеі вайны – «Чужы», мае агульную фабулу, у якой чалавек, як яго не ламаюць абставіны, сістэма, застаецца верным роднаму краю – не ўладу трымаючым, а менавіта ўласнаму культурнаму коду. Песімістычны твор. Такіх лёсаў, як герой апавядання «Чужы» Кастусь Саўчык было багата ва ўсёй нашай краіне, ды і багата цяпер. Канечне, падобныя тэмы, ды сюжэтныя лініі ўздымаліся старэйшымі калегамі Валянціна, якія пісалі ці не амаль аўтабіяграфічныя хаджэнні па лязе магчымага. Дзе вайна перапляталася з астрогам, няволяй, і вяртаннем да жыцця. Там часта ў вайне існуе бела – чорная афарбоўка: свае альбо чужыя. На жаль, такое пляскатае прадстаўленне вобразу другое ўсясветнае вайны блізкае прымітывізму. Ды стварае аднабокую ацэнку падзеяў, што ўплятаецца ў розумы цэлага пакалення людзей. А не ўсе гатовыя аналізаваць і правяраць што праўда, а што – не.
Вобразы аўтар свайго апавядання «Чужы» ўзяў з рэальных людзей (толькі змяніў імёны ды месца).
Калі спытаць, хто паспеў яшчэ (бо іх жыццё згасае), старэйшае пакаленне, што апынулася пад акупацыяй, то яны апавядуць зусім інакшую гісторыю, якая не ўпісваецца ў двухканцавосевы свет вакол нас.
Валянцін Дубатоўка і Кастусь Цвірка
Апошнія тры дзесяцігоддзя наша беларуская літаратура павольнымі крокамі толькі падступалася да гэтай тэмы, руйнуючы муры недазволенасці, навешанага гвалтам правілаў жыцця.
Таму, Валянцін ставіць творчую задачу, як літаратар: паказаць вайну шматбакова. І, здаецца, у яго гэта добра атрымоўваецца. І нават больш, удаецца, у апавяданні «Чужы» не паказваць саму вайну, а стасункі людзей, якія маюць зброю.
Але Дубатоўка – прадстаўнік маладзейшае генэрацыі творцаў, а таму – ягонае прачытанне Беларусі, яе кону 20-га стагоддзя набывае новыя фарбы, больш сталага, свядомага і самавітага нацыянальнага погляду беларуса, які перадае пачуццё міласэрнасці чытачу.
Чалавечнасць у творах перавышае ўсе нацыянальныя імкненні, што робіць іх універсальнымі, агульнадасяжнымі ў разуменні трагедыяў пералому 30-х 40-х гадоў мінулага стагоддзя.
«Чужы» – твор, які не можа скалануцца душы, наварочвае да суму. Хоць аўтару ўдаецца вывесці чалавечыя якасці героя рамана Кастуся Саўчыка, да аптымістычнае развязцы. Твор прасякнуты народнымі пластамі маўлення, што вельмі цікава і спажыўна чытацкаму розуму. Гэта люстэрка нашага лёсу, дзе якая б улада не з’яўлялася тут, і дэкларавала сябе народнай, для яе тыя, хто заставаўся вернымі сваёй зямлі рабіліся «чужымі».
Другая ўсясветная вайна сёння некаторымі разглядаецца як суцэльнае геройства ў імя Леніна-Сталіна ды іх партыі, а пакутнае жыццё пад акупацыяй, простых людзей, застаецца ў ценю.
Нацыятворчае жыццё, якое праходзіць пад рознымі акупацыямі чужакоў фарбуецца цяпер у чорных фарбах. Тут толькі маскоўская прысутнасць моў мае заслугу ў развіцці народу, ягонай свядомасці – уважаюць тыя, што вядуць рэй ва ўладзе. Няўцям прапагандыстам ад пяра, што сапраўдны ліцвін – беларус, пад якой бы ўладай і ў якім бы войску на тэрыторыі Беларусі не быў, беларус са зброяй мусіць быць там. Бо гэта ягоная зямля. Яе трэба бараніць.
Валянцін Дубатоўка – літаратар-даследнік. Таму яму ўдаецца знаходзіць жывых сведак падзеяў, не з зацверджаных падручнікаў, кнігаў, што ўзгодненыя сумнеўнымі камісіямі «маралі», а ў сівых, збуцьвелых хатках, якіх не багата засталося ў апусцелых вёсках.
Ёсць у творчасці Валянціна Дубатоўкі месца амаль біблейнаму сюжэту, але не ў Палестыне, а на нашай зямлі. Напрыклад, апавяданне «Брат»: не будзённую ісціну нам расказвае, я тое, як брат забівае брата. Альбо трагедыя стасункаў братоў у творы «След на вадзе». Фабула апавядання вучыць нас, што жадання змяніць нешта да лепшага, недастаткова. Трэба каб была Вера. Толькі яна дае магутную сілу да перамянення.
Літаратура мусіць паказваць жыццё, як ёсць, ці панукаць чалавека да высокай маралі, рабіць яго лепшым? Бо ёсць і такія, які смакуюць бруд і подласць у жыцці, у імя ідэі, якой апантаны аўтар?
Вядома, пісьменнік прыходзіць у свет каб прадаць сваё. Інакш, навошта пісаць? Ён павінен зрабіць адкрыццё, захапіць ды здзівіць нас. Нечаму навучыць, адкінуць некаторыя нашыя дасюлешнія ўяўленні. Развязаць некаторыя нашыя сумненні.
Кнігу, якую называюць некаторыя калегі па пісьменніцкім цэху, лепшай – гэта: «Пажарка. Прытулак для самотнага музыкі», не скончана, і магчыма будзе яшчэ перавыдавацца, бо яна як «тысяча і адна ноч», ці «Шляхціц Завальня» набірае досціпы, і жывыя ўспаміны ад насычанага ўражаннямі перыяду жыцця пісьменніка, калі ён працаваў у пажарнай ахове.
Добры гумар лепшы за гаючую мікстуру, уздымае настрой, ды дорыць аптымізм.
Валянцін Дубатоўка захаваў цвярозы падыход да ўласнай творчасці празаіка, які мае думкі, якія выспелі і гатовыя ўвасобіцца на паперу.
Думкі аўтара, якія шляхам чытання пранікаюць у свядомасьць чытача, уступаюць у дыскусію, якая мусіць развязаць таямніцу чалавечага існавання, ягонага сэрца і надзеі.
Калі аўтару ўдаецца зачапіць чытача, а мяркуем, ёсць у творчасці Валянціна Дубатоўкі такія, дзе наш народ выяўляе найлепшыя маральныя ўзоры міласэрнасці і любові, дзень за пісьменніцкім сталом прайшоў недарэмна.
Беларускае Радыё Рацыя