62 гады таму ў Гданьску памёр Лукаш Дзекуць-Малей
“Беларускі настаўнік, грамадскі дзяяч, асветнік, а пазней і баптысцкі прапаведнік быў звязаны ў пэўнай ступені і з Берасцем”, – расказвае краязнаўца Ігар Бараноўскі:
– Ён ад пачатку стагоддзя ў Гародні быў звязаны з беларускім рухам, з драматычнымі беларускімі гурткамі, пастаноўкамі. Спрабаваў у рэвалюцыйныя часы ўдзельнічаць у мясцовай уладзе ў Крынках, пазней польскія ўлады яго рэпрэсавалі і саслалі ў Берасце за яго беларускю дзейнасць. Тут разам са сваёй жонкай з роду Кішкаў, таксма беларускай настаўніцай з Гародні, у Берасці яна працавала беларускай настаўніцай, яны падрыхтавалі разам з Антонам Луцкевічам пераклад Новага Запавету па-беларуску.
Акрамя грамадскай, асветніцкай і рэлігійнай дзейнасці Лукаш Дзекуць-Малей з’яўляўся сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Ягоная памяць ушанавана толькі па-за межамі Беларусі – у польскім Гданьску, дзе ў гонар Дзекуць-Малея названа вуліца.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце