65 гадоў таму была знішчана самая вялікая святыня езуітаў у Беларусі
Роўна 65 гадоў таму, напрыканцы ліпеня 1953 года, савецкая ўлада Пінска прыняла рашэнне зруйнаваць касцёл святога Станіслава і няўзабаве самая вялікая святыня езуітаў на беларускіх землях была знішчана.
Касцёл святога Станіслава ў Пінску, восень 1934 года, здымак Луізы Арнер Бойд.
Святыня перад выбухам, ліпень 1953 года. У ходзе Другой сусветнай вайны пінскі касцёл святога Станіслава значна пацярпеў.
Касцёл пасля першага выбуху, ліпень-жнівень 1953 год.
Касцёл пасля другога выбуху, ліпень-жнівень 1953 года. Сведкі ўзгадвалі, што выбух быў такой моцы, што ўвесь Пінск калаціла, як пры землятрусе.
Краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што касцёл застаўся ў памяці пінчукоў як сімвал Палесся:
– Канешне, касцёл святога Станіслава – сімвал не толькі Пінска, але і Палесся. Многія ўзгадваюць, што ён быў бачны з розных бакоў. Натуральна, ён застаўся ў памяці і быў для гараджан своеасаблівым сімвалам. У 30-ыя гады, калі ён зноў стаў каталіцкім пасля ХІХ стагоддзя, там праводзіліся службы гімназістаў на вялікія святы, Зялёныя святкі, прыходзілі сюды маракі.
Два гады таму ініцыятыўная група пінчукоў звярнулася да Берасцейскага абласнога выканкама з прапановаю аднавіць святыню. Чыноўнікі адказалі, што адраджэнне святыні – гэта справа рэлігійных устаноў і пытаннем мусіць займацца Пінская каталіцкая епархія.
Беларускае Радыё Рацыя