65 гадоў з дня нараджэння Анатоля Мяльгуя



Беларускі журналіст, публіцыст, музычны крытык Анатоль Мяльгуй нарадзіўся 14 снежня 1957 года ў Менску. Яго бацькі працавалі на аўтазаводзе. Анатоль скончыў спачатку энергетычны тэхнікум, а затым паступіў у інстытут, але зразумеў, што гэта не яго шлях. І пайшоў на завочнае аддзяленне журфака БДУ. Па яго словах, у тыя часы ён насіў бараду і казаў, што быў падобны на Карла Маркса. У 1989 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.  

Яшчэ з 1982 года працаваў як пазаштатны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена», быў адным з вядоўцаў-аўтараў папулярнай музычнай старонкі «Нотны аркуш» (разам з Вітаўтам Мартыненкам). У 1985 годзе стаў пераможцам Першага усесаюзнага конкурсу знаўцаў рок-музыкі, што наладзіў часопіс «Студенческий меридиан» (Масква). У 1986 годзе Анатоль Мяльгуй быў абраны старшынём першага беларускага рок-клюбу «Няміга» (Мінск). Удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў «Тры колеры-І» (упершыню на вялікую сцэну тады выйшлі гурты «Бонда», «Магістрат, «Мінск», 1986 год) і «Тры колеры-ІІ» (упершыню на вялікай сцэне былі гурты «Мроя» і «Зарціпо», 1987 год). Выступаў як сябра журы на фестывалі «Lithuanica» (1986 год), удзельнічаў ва Усесаюзнай рок-канферэнцыі ў Свярдлоўску (1988 год).

Анатоль Мяльгуй – аўтар шматлікіх публікацыяў і крытычных матэрыялаў, прысвечаных праблемам нацыянальнай культуры, стану беларускай мовы ў краіне, сучасных музычных кірункаў у Беларусі. У 1993-2001 гадах выступаў як музычны аглядальнік шэрагу рэспубліканскіх выданняў, з 1999 года – музычны касультант лэйблу «БМАgroup». У 2001-2005 гадах – вядоўца музычных рубрык і аглядальнік газетаў «Новы Час», «Наша слова», «Знамя юности», «Белорусы и рынок», часопісаў «Дзеяслоў», «Роднае слова», з 2005 года – музычны карэспандэнт і аналітык інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». Супольна з журналістам Вітаўтам Мартыненкам у 1989 годзе ў выдавецтве БІНіМ (Нью-Ёрк) выдаў першую беларускую рок-энцыклапедыю «Праз рок-прызму». Рэдагаваў яе былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Ян Запруднік.  У 2006 годзе пабачыла іх новая агульная кніга, прысвечаная сучаснай беларускай музычнай культуры «222 альбомы беларускага року і ня толькі…». Выданне было адзначана спецыяльным прызам арганізатараў «Рок-каранацыі – 2006).

Анатоль Мяльгуй быў сябрам культурна-асветнага клюбу «Спадчына». Узнагароджаны медалём Камітэту ўшанавання клюбу «Спадчына» з выявай «Пагоні» за «…актыўную і плённую працу на ніве беларускай нацыянальнай журналістыкі…» (1998), а таксама срэбраным пярсцёнкам з выявай «Пагоні» і дэвізам «Жыве Беларусь» (2005). Узнагароджаны Міністэрствам замежных справаў Чэшскай Рэспублікі медалём імя Яна Масарыка «…у падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў» (2007 год).

Хобі Мяльгуя была кулінарыя, ён вельмі любіў гатаваць. Марыў напісаць кнігу, у аснове якой ляжалі б размовы з вядомымі беларускімі музыкамі пра ежу. Таксама друкаваў свае рэцэпты ў газеце «Атлант».

Памёр Анатоль Мяльгуй у Менску 22 красавіка 2017 года, не дажыўшы да 60 гадоў, якія планаваў адзначаць. Прычынай раптоўнай смерці стаў сардэчны прыступ. Яго калега Вітаўт Мартыненка памёр 17 красавіка 2016 года яшчэ маладзейшым. Анатоль вельмі перажываў з-за смерці сябра. Так фактычна за год не стала двух найбольшых знаўцаў беларускай рок-музыкі. Пахаваны Мяльгуй у сцяне сталічнага крэматорыя.

Беларускае Радыё Рацыя