65 гадоў з дня нараджэння Леаніда Маракова
Беларускі гісторык, пісьменнік, энцыклапедыст, даследнік сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў нарадзіўся 15 красавіка 1958 года ў Менску. У 1986 годзе ён скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут. Некалькі гадоў працаваў інжынерам-наладнікам на заводзе ЭВМ, а таксама ў Акадэміі Навук БССР. На пачатку 1990-х гадоў змяніў род заняткаў, заняўся бізнесам – імпартаваў побытавую і прафесійную радыёэлектроніку. Шмат падарожнічаў па Поўначы, Сібіры, Казахстане, Далёкім Усходзе, па Заходняй Эўропе і ААЭ, быў паспяховым бізнесоўцам.
У сярэдзіне 1990-х гадоў Леанід Маракоў зноў змяніў від дзейнасці, звярнуўся да росшукаў звестак пра свайго расстралянага бальшавікамі дзядзьку, улюбёнага вучня Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, паэта 1930-х гадоў Валерыя Маракова. Расследаванне біяграфіі паэта, пра якога пазьней Леанід Маракоў напісаў манаграфію, іншых рэпрэсаваных сваякоў перайшло ў планамернае, сістэмнае і прафесійнае даследаванне гісторыі ўсіх пацярпелых у час кіравання Сталіна дзеячаў культуры і грамадскасці Беларусі. Гэта стала магчымым дзякуючы атрыманню кароткачасовага доступу да сакрэтных архіваў КГБ Беларусі. З 1999 года Маракоў – літаратурны супрацоўнік газеты «Голас Радзімы».
Леанід Маракоў – аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах (15 кнігах, 9 з якіх на пачатак 2008 г. былі надрукаваныя) «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991», у якім прыводзяцца біяграфіі каля 25 000 (!) расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах (ГУЛАГу) дзеячаў беларускай культуры. Іншыя значныя працы, якія былі апублікаваныя Мараковым: «Вынішчэнне» – кніга, прысвечаная даследаванню рэпрэсіяў супраць беларускіх літаратараў; «Ахвяры і Карнікі» – дакументальнае даследаванне лёсаў ахвяраў і іх катаў у час масавых расстрэлаў 1930-х гадоў; двухтамовы энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917-1967». Для выдання гэтых энцыклапедычных даведнікаў аўтар не шкадаваў раней заробленых грошай, залазіў нават у пазыкі, распрадаваў уласную маёмасць. Паводле словаў Уладзіміра Арлова «Маракоў здзяйсняў служэнне ісціне ў краіне, якая не перажыла пакаяння, у краіне, дзе стаяць помнікі бальшавіцкім катам. Тут патрабаваліся асаблівыя вера і сіла духу».
Першыя мастацкія аповяды пісьменніка выйшлі ў 1998 годзе. Першае апавяданне «Яблыня» ён надрукаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». У наступныя гады выйшла серыя складанак. Аповяданні Маракова звычайна зыходзяць каранямі ў часы сталінскіх рэпрэсіяў і брэжнеўскага застою, прасочваюць лёсы людзей, якія супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму. Герояў кніг Маракова адрознівае нянавісць да несправядлівасці, неспатольная смага змагацца за волю, за лепшае жыццё. Не чужыя Маракову таксама вострасюжэтныя, дынамічныя гісторыі, якія часта базуюцца на фактах з асабістай біяграфіі. Маракоў быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2002 года, паўнапраўным сябрам міжнароднага ПЭН-клуба, лаўрэатам шэрагу літаратурных прэміяў.
У шлюбе меў сына і дачку. У пачатку 2016 года Леанід Маракоў перажыў інсульт, а ў верасні злёг з пухлінай галаўнога мозгу. Быў у цяжкім стане ў хоспісе. На яго лячэнне і дагляд у сацыяльных сетках збіралі грошы. Памёр Леанід Маракоў 17 снежня 2016 года ў Мінску. Пахаваны на Заходніх могілках сталіцы.