“7 камянёў” Аляксея Шэіна выйдзе на чэшскай мове
Дэбютная кніга Аляксей Шэіна сталася першым беларускамоўным фэнтэзі. У мінулым годзе выданне было 3-ім па колькасці продажаў у сталічнай “Акадэмкнізе”, услед за кнігамі Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.
“Пераклад мусіць выйсці ўжо вясной 2017-га года,” – гаворыць пісьменнік Аляксей Шэін.
– Магу сказаць, што выдавец сапраўды вельмі зацікавіўся гэтым тэкстам. І яны прасілі нашага мастака, які працаваў з “7 камянямі” на беларускай мове, перарабіць вокладку, перамаляваць для чэшскага выдання, таму што там было даволі складана перамаляваць літары, якія абмыслова былі прыдуманыя для беларускага выдання.
“Таксама зараз ідзе гаворка аб перакладах на польскую і расейскую мовы,” – дадаў Аляксей Шэін. Над перакладам працавала перакладчыца Святлана Вранава. Выдаўцы неўзабаве прадставяць адмысловы сайт кнігі і пераклада, а таксама перапрацаваны на чэшскую мову буктрэйлер, які стаўся лаўрэатам “SmartFilms”.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя