75 гадоў таму ў сталінскіх лагерах загінуў паэт Сяргей Дарожны
У крывавую хвалю сталінскага генацыду ў 1936 годзе трапіў і паэт са Слоніма Сяргей Дарожны (Серада Сяргей Міхайлавіч). Ён быў арыштаваны ў канцы жніўня ў Менску проста на кватэры, дзе пражываў на Першым беларускім завулку 3-А. Праз год органы НКВД асудзілі паэта за тое, што ён быў “членам антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі” на 8 гадоў…
У пошуках матэрыялаў пра свайго земляка мне шмат дапамагалі беларускія пісьменнікі Васіль Хомчанка, Павел Пруднікаў, Станіслаў Шушкевіч, Максім Лужанін, Сяргей Грахоўскі, якія добра ведалі паэта пры жыцці. Але цяпер ужо няма ў жывых і гэтых літаратараў. Засталіся толькі іх пісьмы да мяне, згадкі, успаміны, некаторыя здымкі. Васіль Хомчанка 8 ліпеня 1988 года пісаў мне: “Я Сяргея Дарожнага ў 1940 годзе сустрэў у лагеры (Ніжне-Амурскі лагер). З ім разам быў у калоніі, ці лагпункце да 5 красавіка 1941 года. Я вызваліўся, а ён застаўся. Сястра Дарожнага, якая жыве ў Менску, сказала, што Сяргей памёр у 1943 годзе ў калоніі ад запалення лёгкіх — так ёй паведамілі. Але гэтаму я мала веру. Сяргей, відаць, памёр ад голаду і ад цяжкай працы…”.
Магчыма і так. Паэта не стала 19 ліпеня 1943 года ў Камсамольску-на-Амуры (Расея). Па хадайніцтву сястры Сяргея Надзеі Юшкевіч, ён быў рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29 снежня 1957 года і ўзноўлены ў Саюзе пісьменнікаў.
На Слонімшчыне людзі кажуць: калі нарадзіўся няшчасным, то няшчасным і памрэш. Так было і з Сяргеем Дарожным. Нарадзіўся ён у Слоніме ў сям’і вайскоўца 25 лютага 1909 года. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку забралі на фронт, скуль ён ужо не вярнуўся. А маці Сяргея з чацьвярыма дзецьмі была эвакуіравана аж у Варонеж. Дамоў вярнуліся толькі ў 1918 годзе. Але вярнуліся не ў Слонім, а ў вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Маці было цяжка адной гадаваць дзяцей, таму Сяргея, Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы. “Мама нам не дапамагала, бо сама хадзіла па вёсках і жабравала”, — пісала мне ў лісце 17 ліпеня 1989 года Надзея Юшкевіч — родная сястра Сяргея Дарожнага.
У 1924 годзе Сяргей скончыў сямігодку і паступіў ў Менскі беларускі педтэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
У адзін са шчаслівых дзён 1925 года Сяргей Серада прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчыкам літаратурнага аддзела газеты быў тады Кузьма Чорны, які папрасіў юнака пачытаць яму свае радкі. І Сяргей пачаў:
Беларусь больш не стане крыжам
Пры дарозе, з Хрыстом распятым…
Калі гэтыя радкі пачуў Кузьма Чорны, то вельмі расчуліўся, бо дужа спадабаліся яны слыннаму пісьменніку. А самыя лепшыя паэтычныя творы маладога паэта ён хутка апублікаваў. З той пары вершы Сяргея Дарожнага рэгулярна пачынаюць з’яўляцца ў перыядычным друку. У 1926 годзе ён становіцца сябрам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а потым — “Узвышша”.
Заява Сяргея Дарожнага на ўступленне ў „Маладняк”.
Каля паэту споўнілася 17 гадоў, ён (у сааўтарстве з родным братам Змітрака Бядулі — Ізраілем Плаўнікам) адным з першых сярод сваіх аднакурснікаў выдае свой паэтычны зборнік “Звон вясны”. Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929) і “Пракосы на памяць” (1932).
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Сяргей Дарожны стаіць другі злева.
Найбольш за ўсё талент Сяргея Дарожнага раскрыўся ў лірыцы. Ды і сам ён быў вельмі прыгожым хлопцам, якога дужа любілі дзяўчаты. У адным з лістоў да аўтара гэтых радкоў пісьменнік Павел Пруднікаў пісаў: “Сяргей Дарожны быў прыгожы, чарнабровы і чорнавалосы, высокі юнак. Заўсёды быў акуратна апрануты. Насіў белую сарочку з накрухмаленым каўнерыкам і чорны гальштук. Ніколі не хваліўся сваімі поспехамі. Любіў і цаніў сяброўства. Аднойчы на шклозаводзе ў Барысаве мы наладзілі літаратурны вечар. Былі я, Сяргей Дарожны, Мікола Нікановіч, Клім Грыневіч, Віктар Казлоўскі, Змітрок Астапенка. Калі ў заключэнні вечарыны выступіў наш галоўнакамандуючы — Сяргей Дарожны — і прачытаў свой верш “Белымі пялёсткамі”, зала грымела. Апладысменты не змаўкалі, яго прасілі чытаць і чытаць”. А паслухаць моладзі тады было што. І такое яна любіла:
Пасінела неба раніцой над гаем,
Пасінела рана —
Скрозь.
А сягоння любая у мяне другая,
Ў залатым убранні,
Ля бяроз…
Вельмі папулярнай ў 1930-я гады была на Беларусі песня Сяргея Дарожнага “Нявеста”. Яна амаль штодня гучала па радыё, яе спявалі многія беларускія хары…
Сяргей Дарожны і Максім Лужанін.
Рыхтаваўся да друку і чацвёрты зборнік вершаў паэта са Слоніма, але выйсці не пасьпеў. Сяргей Дарожны назаўсёды застаўся 34-гадовым у далёкай расейскай глыбінцы, многа чаго не дагаварыўшы ў сваіх песнях. Яго асабовая справа № 9935-С знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі за сямю пячацямі. А гэтая мая маленькая згадка пра паэта — даніна яго светлай памяці.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя