VIII з’езд выпускнікоў ІІ ліцэя ў Бельску Падляшскім (абнаўляецца)
VIII З’езд выпускнікоў ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім – гэта вельмі значная падзея як у жыцці школы, так і людзей, якія выйшлі з яе ў больш ці менш шырокі свет.
У Белліцэі сустрэліся выпускнікі – удзельнікі VIII З’езду выпускнікоў ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Свята школы вялі таксама яе выпускнікі, журналісты Беларускага Радыё Рацыя Ганна Мордань ды Польскага Радыё Беласток Яраслаў Іванюк.
На пачатку сабраных прывітала Анна Шкода – старшыя Арганізацыйнага камітэта з’езду. Затым слова ўзяў цяперашні дырэктар школы Андрэй Сцепанюк, а таксама былы дырэктар Аляксей Карпюк, якому сёлета споўнілася 80 гадоў:
– Я адчуваю сябе шчаслівым, бо я тут працаваў. Так атрымалася, што мая школа стала галоўнай мэтай майго жыцця. Калісьці ў другой школе мяне назвалі фанатыкам школы. Тады я падумаў, што гэта слова не вельмі прыемнае, але пазней згадзіўся.
За сваю працу Аляксей Карпюк ды прысутныя настаўнікі-пенсіянеры былі ўганараваныя бельскім старастам. З нагоды з’езду ліст да яго ўдзельнікаў пераслаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Аляксандр Авяр’янаў. Сустрэча завяршылася канцэртам беларускіх песняў ды танцаў у выкананні вучняў школы. Бельскі Белліцэй мае 5711 выпускнікоў.
[Not a valid template]
На думку шматлікіх выпускнікоў, гэта школа ды настаўнікі дапамаглі ім дасягнуць нечага ў жыцці. “Перш за ўсё, гэтым першым пакаленням выпускнікоў, якія большасцю родам з вёскі”.
Надзея Чайко: Як тут вучылася, маё прозвішча было Томчык. Гэта школа вывела нас у людзі. Мы ўсе жылі па вёсках. Да горада дабрацца было цяжка. А наш дырэктар Стэцэвіч ездзіў па вёсках, запрашаў моладзь, апекаваўся намі. Я стала псіхолагам. Езджу працаваць у Герамнію, бо ведаю польскую, нямецкую, беларускую мовы.
24 верасня з 8 гадзіны раніцы ў школе маглі рэгістравацца чарговыя ўдзельнікі з’езду. Пасля набажэнства ў Міхайлаўскай царкве, усе сустрэнуцца ў ліцэі ды пасля ўшануюць памяць памерлых выпускнікоў і настаўнікоў. Дзень завершыць баль выпускнікоў.
[Not a valid template]
* * *
Пра ідэю з’ездаў ды выпускнікоў нашаму карэспандэнту Давіду Гайко расказаў таксама выпускнік і адначасова дырэктар Беларускага ліцэя Андрэй Сцепанюк.
Андрэй Сцепанюк: Для нас як школьнай супольнасці ён ужо пачаўся, бо ўжо цягам некалькіх дзён трываюць працы, каб вельмі годна прыняць усіх удзельнікаў з’езду. І цешуся з таго, што вельмі моцна, апрача арганізацыйнага камітэта, заангажаваны ва ўсё гэта настаўнікі і вучні. Найбольш мяне цешыць тое, што прыходзяць сёлетнія і выпускнікі з папярэдняга года і самі дэкларуюць, што хочуць уключыцца ў працу, хочуць дапамагчы. Таму ўжо цяпер адчуваем нашую школьную супольнасць. І гэта вельмі важна.
РР: Чаму гэты з’езд такі важны? Дзеля чаго ён арганізуецца?
Андрэй Сцепанюк: Дзеля гэтых людзей, якія сюды прыязджаюць, прыходзяць. Гэта і паказ спалучэння пакаленняў. Гэта месца сустрэч. Прыязджаюць выпускнікі з усяго свету. Некаторыя з іх скончылі ліцэй у 50-х гадах, таму вельмі чакаюць гэтага спаткання.
Такія сустрэчы нават раз на некалькі гадоў вельмі важныя. Зразумела, маладыя людзі сёння маюць іншы кантакт: сацыяльныя сеткі, тэлефоны. Але ўсё ж такая сустрэча, я думаю, вельмі патрэбная.
Гэта таксама час пэўнай задумы. Мы наведалі магілы дырэктараў, якія працавалі тут. Гэта Яраслаў Кастыцэвіч, Мікола Гайдук, Зінаіда Навіцкая. Вядома, мы пры кожнай нагодзе стараемся наведаць іх магілы. Але на з’ездзе выпускнікоў – гэта сімвалічны жэст, сведчанне таго, што мы з імі. Наведваем таксама магілы і тых выпускнікоў, якія ўжо адышлі.
Мы скончылі гэты ліцэй, але ж яго ідэя працягвае жыць. І трэба паказваць працяг гэтай ідэі маладым вучням, якія, як я веру, прыйдуць у наступных гадах у ліцэй.
РР: Сярод гэтых шматлікіх выпускнікоў ёсць асобы, якімі школа можа ганарыцца.
Андрэй Сцепанюк: Я б не хацеў пералічаць зараз імёны, бо магу кагосьці забыць. Зразумела, што сярод іх ёсць больш вядомыя. Хаця б узяць вядомых журналістаў, якія працуюць на Беларускім Радыё Рацыя, ці Юрка Каліна, які вядомы не толькі як журналіст, але і рэжысёр. Гэта і Маргарыта Пракапюк, якая працавала на розным тэлебачанні. Нават цяперашні бургамістр Бельска – таксама наш выпускнік. Раней яго пасаду займаў таксама выпускнік нашага ліцэя. Таму ў розных сферах жыцця можна знайсці нашых выпускнікоў. Напрыклад, Маргарыта Дзмітрук – вядомая мастачка. Кожны з нашых выпускнікоў – а гэта амаль 6 тысяч – знайшоў сваё месца ў жыцці.
Таксама я хачу адзначыць, што большасць настаўнікаў, якія сёння працуюць у ліцэі, – гэта таксама выпускнікі. Мы амаль ўсе вярнуліся ў свой ліцэй, каб тут працаваць.
РР: Асабіста для Вас чым ёсць з’езд выпускнікоў, калі былі на ім у папярэднія гады і будзеце на сёлетнім? Чакаеце чагосьці новага, нечаканага ці гэта папросту чарговы з’езд?
Андрэй Сцепанюк: Ведаеце, я ніколі не быў звычайным удзельнікам з’езду. Калі на шостым з’ездзе я меў яго нават весці, то некалькі дзён да з’езду аказалася, што я буду бургамістрам. Таму прыйшоў на той з’езд не як вядучы, а госць. Пазней, калі ўжо быў у ліцэі, то браў удзел у ім як дырэктар і арганізатар з’езду выпускнікоў.
Несумненна, гэта нешта важнае. Я не хаваю, што гэты з’ез для мяне – гэта і нагода паказаць, што цяпер робіцца ў школе. І мы павінны паказаць сябе з найлепшага боку. Для мяне гэта і нагода сустрэцца з сябрамі, якіх я не бачыў некалькі гадоў.
Мы як клас, які скончыў ліцэй у 1982 годзе, сустракаемся даволі часта. І гэта вельмі добра. Маем сяброўку, якая заўсёды дбае пра тое, каб мы не згубілі сувязі, сустракаліся. Гэта Крыся Паўлючук – наш такі добры дух. На жаль, некаторых нашых сяброў ужо няма, таму гэты з’езд – нагода для своеасаблівай рэфлексіі, успаміну пра тых, каго няма з намі.
Калі казаць пра сябе, то маё жыццё звязана з гэтым месцам вельмі-вельмі моцна. Я тут вучыўся ў пачатковай школе, у ліцэі. І, выехаўшы на некалькі гадоў, зноў вярнуўся сюды, пусціў карані, таму цяжка мяне будзе адсюль вырваць.
23 верасня ад 15-й гадзіны ў школе пачынаецца рэгістрацыя ўдзельнікаў з’езду. У 17 гадзін у бельскай Ратушы пройдзе адкрыццё выставы Міраслава Здрайкоўскага – мастака, выпускніка Белліцэя. Афіцыйныя святкаванні пройдуць у суботу, 24 верасня.
* * *
Пад ратушай Бельска Падляшскага прайшоў хэпенінг, прымеркаваны да адкрыцця выставы беларускага мастака з Беласточчыны Міраслава Здрайкоўскага «Мы былі, мы ёсць, мы будзем», якое адбудзецца ў 17:00 у ратушы.
Выстава распачне VIII З’езд выпускнікоў ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча, што будзе праходзіць 23-25 верасня.
Размалёўванне папяровага ручніка каардынаваў сам Міраслаў Здрайкоўскі:
— Ліцэісты цяпер пазнаёмяцца з гэтым ручніком, з узорамі, і калі ўжо стануць выпускнікамі, будуць мець свае сем’і, і знойдуць такі ручнік дзесьці ў бабулі, або купяць недзе на кірмашы дык не выкінуць, але будуць ведаць, з якога рэгіёну, і што з ім зрабіць: ці павесіць на ікону, ці ў іншае месца.
«Гэта цікавы выклік, дзякуючы якому мы можам супольна стварыць працу, якая навязвае да традыцый ды проста цікава правесці час урокаў», — кажуць ліцэісты:
— Мы малюем кветкі на ручніку: валошкі ды макі. А потым павесім гэты ручнік вакол ратушы.
— Гэта толькі з выгляду цяжкая праца, насамрэч — гэта цікавы досвед.
Ідэя хэпенінгу належыць Музею ў бельскай ратушы, які ўвесь час займаецца тэматыкай народных ручнікоў, а плёнам гэтай працы з’яўляецца, між іншым, багатая калекцыя ільняных ручнікоў і два кніжныя выданні, прысвечаныя гэтай тэматыцы.
[Not a valid template]