80 гадоў таму ў Беластоку паўстаў Беларускі камітэт
Беларускі камітэт быў створаны летам 1941 года ў акупаваным Беластоку з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў. Па ўсім горадзе былі расклеены аб’явы пра стварэнне камітэта.
Управа Беларускага камітэта ў Беластоку. Стаяць злева: Іван Гелда (сакратар па гаспадарчых справах), С. Пяткевіч (сакратар па справах сацыяльнай дапамогі) П. Барташэвіч (сакратар), В. Маркевіч (Маркевічанка), Эдвард Валанцей (кіраўнік моладзевай секцыі), Мікола Чарнецкі (скарбнік). Сядзяць злева направа: Хведар Ільяшэвіч (віцэ-кіраўнік і кіраўнік аддзелу культуры), В. Аляксеюк (кіраўнічка жаночай секцыі), Мікола Шчорс (трэці), Валянціна Міленушкіна (артыстка) Уладзімір Тамашчык (старшыня). 1941 г.
У задачы арганізацыі ўваходзіла дапамога беларускаму насельніцтву, абуджэнне беларускай нацыянальнай свядомасці, правядзенне адукацыйных і культурных мерапрыемстваў. Пры ўступленні ў шэрагі камітэта трэба было запоўніць анкету і заплаціць сяброўскія складкі памерам 50 фенінгаў. Сяброўства ў камітэце давала магчымасць атрымаць пасведчанне асобы ды харчовыя карткі. З часам Беларускі камітэт у Беластоку пераўтварыўся ў структуру з сакратарыятам, бухгалтэрыяй, спецыялізаванымі аддзеламі, а таксама рэгіянальнымі аддзяленнямі.
Уладзімір Тамашчык. Беласток, 1943 г.
Першапачаткова камітэт узначальваў Часлаў Ханяўка, пазней Уладзімір Тамашчык ды Хведар Ільяшэвіч. Сядзіба Беларускага камітэта ў Беластоку мясцілася па вуліцы Варшаўскай 6, пазней на вул. Слонімскай 15, вул. Кіеўскай 1 і вул. Вясковай 1.
Абвестка з „Беларускага календара”, 1943 г.
У камітэце сфармаваліся наступныя аддзелы: арганізацыйны, навучальны, прапаганды і культуры, а таксама забеспячэння. Беларускі камітэт стварыў рэгіянальныя аддзяленні ў — Белавежы, Бельску Падляскім, Бераставіцы, Ваўкавыску, Гародні, Пружанах, Свіслачы, Скідзелі, Новым Двары, Нараўцы і Міхалове. Дакладная колькасць усіх сябраў камітэта ў Беластоцкай акрузе невядомая і ацэньваецца па-рознаму — ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч.
„Новая дарога” 1942 г.
У 1942 пачала выходзіць газета „Новая дарога”. Газета выходзіла кожны тыдзень да чэрвеня 1944 г. Выйшла больш за 100 нумароў. Рэдакцыя месцілася па адрасе: вул. Готгарда 1. Галоўным рэдактарам быў Хведар Ільяшэвіч, журналістамі, сярод іншых, Юрый Попка і Масей Сяднёў.
Беларускі хор
Пры Беларускім камітэце дзейнічаў беларускі хор, балетная трупа і аркестр. Хорам кіраваў Канстанцін Кіслы, а з сакавіка 1943 года — Дзмітрый Арлоў. Салістамі хора былі, сярод іншых, Лявон Богуш і Мікалай Чураба.
Беларускі ансамбль песні і танца і чальцы Беларускага камітэта ў Беластоку. У першым шэрагу злева сядзяць: другі Іван Гелда, чацьвёрты Кастусь Кіслы, пяты Міхал Забэйда-Суміцкі, шосты Хведар Ільяшэвіч.
Беларускія настаўнікі Беласточчыны 1943 г.
На Беласточчыне была створана сетка беларускіх пачатковых школ, інспектарам якіх быў прызначаны Аляксей Грыцук.
Беларускія настаўніцкія курсы ў Беластоку 1943-1944
На мяжы 1943—1944 гадоў на тэрыторыі былога Беластоцкага ваяводства колькасць беларускіх школ складала каля 70%.
Беларускія настаўніцкія курсы ў Беластоку 1943
У сярэдзіне 1943 года структуры Беларускага камітэта пераўтварыліся ў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне.
„Новая дарога” №37, Беласток, 1943 г.
Улетку 1943 года была арганізавана беларуская самаахова. Палітычнае кіраўніцтва над ёй прыняло на сябе Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Камандаванне падраздзяленнем (120 — 150 чалавек) ажыццяўляў Іван Гелда.
Сябры Беларускага камітэта на Другім Усебеларускім кангрэсе ў Менску, 1944 г. Сядзяць (злева направа): Масей Сяднёў, Андрэй Чэмар, Хведар Ільяшэвіч, Тодар Лебяда, Кастусь Езавітаў, Наталля Арсеннева, Уладзімір Тамашчык, Аляксей Грыцук, Цімафей Хведашчэня.
Дзейнасць арганізацыі спынілася летам 1944 года.
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя
Фотаздымкі з архіваў „Беларускага гістарычна таварыства” і Kamunikat.org.