80 гадоў таму Янка Купала пакінуў Менск



80 гадоў таму 24 чэрвеня 1941 года народны паэт Беларусі Янка Купала выехаў з палаючага Менску ў Ляўкі на ўласны летнік. У гэты дзень згарэла яго хата, бібліятэка і архіў. “Я хоць крышку і душой, і сэрцам адышоў ад тых жудасцей”, – казаў паэт.

Доўга ў Ляўках Янка Купала не затрымаўся. Ужо 30 чэрвеня ён з’ехаў у Маскву, пакінуўшы і Менск, і Ляўкі назаўсёды.

Сёння ў Ляўках працуе музей. Рашэнне пра адкрыццё музея было прынята беларускім урадам у 1978 годзе. Комплекс складаецца з музея Янкі Купалы, яго летніка, дома кіроўцы Янкі Купалы, гаража з аўтамабілем песняра, які яму падараваў урад у 1939 годзе. На гэтым “Шэўрале” Янка Купала ездзіў з Менску ў Беласток восенню 1939 года на Народны сход Заходняй Беларусі. Назад вяртаўся праз Слонім, дзе сустракаўся з нашаніўскім паэтам Гальяшом Леўчыкам (1880-1944).

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя