270-я ўгодкі рэфарматара Палесся Мацея Бутрымовіча
На Піншчыне адзначаюць 270-я ўгодкі рэфарматара Палесся, пасла чатырохгадовага Сойму Рэчы Паспалітай Мацея Бутрымовіча. З імем падстарасты Пінскага павета звязана будаўніцтва тракту ад Пінска на Слонім ды Валынь, а таксама будаўніцтва Мухавецкага і Целяханаўскага водных каналаў. Бутрымовіч у 1784 годзе здзівіў жыхароў Варшавы, калі з Пінску на невялікіх караблях прывёз палескія вырабы, ежу ды запрасіў караля наведаць Пінск. Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна адзначае, што Бутрымовіч імкнуўся паказаць патэнцыял Палесся ўсяму свету:
– Каб паказаць Палессе, каб з аднаго боку было відаць, якія тут ёсць рэсурсы і магчымасці. А з другога – якія тут патрэбныя камерцыйныя праекты, каб гэтыя рэсурсы, палеская прадукцыя, трапіла не толькі ў Польшчу, але і ў Заходнюю Еўропу, і каб гэты край-багну падняць да таго ўзроўню, на якім былі іншыя еўрапейскія краіны і іншыя рэгіёны Польшчы.
Пінскія краязнаўцы плануюць арганізаваць выставу ды правесці шырокі тэматычны вечар у мясцовай бібліятэцы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
