85 гадоў таму быў расстраляны Уладзімір Пракулевіч



20 жніўня 1938 года быў расстраляны беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, журналіст і юрыст Уладзімір Пракулевіч (1887-1938).

Уладзімір Пракулевіч нарадзіўся ў вёсцы Красналукі Барысаўскага павета, цяпер Чашніцкі раён. У 1912 годзе ён скончыў Маскоўскі універсітэт. Падчас вучобы быў сакратаром марксісцкага часопіса «Возрождение», загадчыкам аддзела хронікі ў газеце «Копейка». З 1912 года беларус працаваў у Менскай казённай палаце, а з 1914 года –у Менскім акруговым судзе. З пачаткам Першай сусветнай вайны эвакуіраваўся ў Маскву. Вярнуўся ў Менск у ліпені 1917 года.

У 1918 годзе Уладзімір Пракулевіч быў абраны старшынёй Слуцкага з’езда міравых суддзяў. У 1919—1920 гады – міравы суддзя мястэчка Вызна (цяпер Чырвоная Слабада).

Уладзімір Пракулевіч прымаў удзел у Слуцкім паўстанні, быў адным з яго кіраўнікоў. У 1921 годзе выехаў у Вільню. А ў 1922 годзе ў ліку 33 беларускіх дзеячаў быў высланы польскімі ўладамі з Вільні. Пераехаў у Каўнас. Са жніўня 1923 года Уладзімір Пракулевіч з’яўляўся дзяржаўным сакратаром урада БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам, разам з якім пераехаў у Прагу.

З мая 1926 года Уладзімір Пракулевіч жыў у БССР. Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, быў сакратаром бібліяграфічнай камісіі Інбелкульта і БелАН.

19 ліпеня 1930 года Уладзіміра Пракулевіча арыштавала ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1932 года ён быў сасланы на 5 гадоў у Перм. Там зноў яго арыштавалі супрацоўнікі УНКВД па Свярдлоўскай вобласці і прыгаварылі да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 годзе па другім – у 1989 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя