9 траўня ўсе дзяржаўныя музеі ў Беларусі можна будзе наведаць бясплатна



9 траўня ўсе дзяржаўныя музеі ў Беларусі можна будзе наведаць бясплатна, паведамілі ў Міністэрстве культуры. Гэта распаўсюджваецца не толькі на наведванне, але і на экскурсійнае суправаджэнне.

Трэба звярнуць увагу, што ў такой акцыі бяруць удзел толькі дзяржаўныя музеі, іх пастаянныя і часовыя экспазіцыі. Яна не закране камерцыйныя выставы.

У Мінкульце таксама звяртаюць увагу, што дзяцей да 11 гадоў пусцяць у музей толькі ў суправаджэнні дарослых.
Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей папярэджвае, што ў сувязі з абмежаванай умяшчальнасцю выставачных залаў і ў выпадку высокай запаўняльнасці музейных экспазіцый магчыма часовае абмежаванне наведвання музея для рэгулявання патоку наведвальнікаў.