“90 год – 90 экспанатаў”



Наведаць выставу “90 год – 90 экспанатаў” запрашае Музей Беларускага Палесся, які 1 ліпеня адзначыць 90-годдзе з моманту свайго адкрыцця. Пінскі музей захоўвае шмат цікавых артэфактаў, якія даюць магчымасць дакрануцца не толькі да даўніны Піншчыны, а пазнаць гісторыю поўдня Беларусі ды часткі Украіны.

Музей цікавы нават тым, што за ўвесь час існавання не прыпыняў працы, нават у складаных умовах”, – адзначае краязнаўца Эдвард Злобін:

– У гэтым годзе спаўняецца 90 гадоў з моманту адкрыцця пінскага музея, які быў адкрыты як палескі музей. Цяпер ён называецца Музей Беларускага Палесся. Прынамсі на тэрыторыі Берасцейскай вобласці гэта самы стары музей. Ён за ўвесь час свайго існавання ніколі не прыпыняў дзейнасці. Цікава і тое, што гэты музей працаваў нават у час нямецкай акупацыі.

У фондах музея налічваецца звыш 66 тысяч адзінак асноўнага фонду і больш за 16 тысяч адзінак навукова-дапаможнага фонду. Цяпер пінскі музей уяўляе сабой не толькі ўстанову па захаванні мінуўшчыны, а з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам горада над Пінай.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота wikimedia.org