90-ыя ўгодкі класіка беларускай літаратуры
Класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Яго продкі былі са шляхты і паходзілі з Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі – Тамаш Грыневіч браў удзел у паўстанні 1863 года і быў расстраляны. Бацька Караткевіча Сямён Цімафеевіч працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам у Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці Надзея Васілеўна з роду Грынкевічаў працавала настаўніцай, была хатняй гаспадыняй. У сям’і былі трое дзяцей, акрамя Уладзіміра – старэйшыя сын Валерый і дачка Наталля. Расповеды дзеда Васіля Грынкевіча сталі крыніцай для будучых твораў пісьменніка.
Уладзімір навучыўся чытаць вельмі рана, у 3 з паловай гады. З самага ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, таксама меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе. Вельмі моцна любіў прыроду. У доме Караткевічаў было шмат кніг. У шэсць гадоў ім былі напісаныя першыя вершы. Яшчэ трохі пазней паспрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Малады Караткевіч таксама цікавіўся тэатрам, разумеў мову ідыш. У 1938 годзе пайшоў у школу ў Оршы, да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы.
Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю на Разаншчыне, потым на Урал. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Толькі ў жніўні 1943 г. сястра змагла прывезці Валодзю да бацькоў у Арэнбург, дзе ён скончыў 6 класаў. У кастрычніку 1941 г. на фронце загінуў старэйшы брат Валерый. Летам 1944 г. Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі у горад да сваякоў. Увосень сям’я вярнулася ў Оршу. Уладзімір працягваў навучанне ў школе. У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы.
У 1949 г. Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філфаку Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 г. Пазней там жа скончыў аспірантуру. У Кіеве Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць па-украінску і польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм. Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954-56 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе у вёсцы Лісасычы Кіеўскай вобласці. У 1956-58 гг. працаваў настаўнікам у Оршы. Пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, сцэнарных курсах, у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве, стаў прафесійным пісьменнікам. З 1963 г. жыў у Мінску ў розных кватэрах. У 1967 годзе, у час канферэнцыі ў Брэсце Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай (Ватковіч), з якой у 1971 г. ён ажаніўся. У другой палове 1970-х гадоў Караткевіч пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, вёў праграму “Спадчына”. Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат мясцін у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны.
Люты 1983 г. стаў вельмі трагічным для пісьменніка – у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі – Яўгенія Васілеўна з Кіева. У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было. У пачатку чэрвеня 1983 г. Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. У канцы лютага Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі. Вясной пачаў адчуваць сябе лепш. Некаторыя лічылі, што прычына заўчаснай смерці Караткевіча – алкагольная залежнасць, іншая хвароба была ўжо як наступства. Памёр пісьменнік 25 ліпеня 1984 года. Пахаваны на Усходніх могілках Мінску.
Беларускае Радыё Рацыя