95 гадоў таму памёр Давід Яноўскі
95 гадоў таму памёр Давід Яноўскі, адзін з мацнейшых шахматыстаў свету свайго часу. Яго называлі апошнім рамантыкам шахмат.
Давід Яноўскі нарадзіўся 25 траўня 1868 года ў Ваўкавыску. Паходзіў з габрэйскай сям’і Маркела і Ханы Яноўскіх. Брат – Хаім Яноўскі таксама стаў шахматыстам, жыў у Лодзі (Польшча). У 23 гады Давід пакінуў радзіму і выправіўся ў Францыю. Нават не атрымаўшы сур’ёзнай адукацыі, Давыд Яноўскі вольна гаварыў на некалькі мовах, што вельмі дапамагло яму інтэгравацца ў тагачаснае заходняе грамадства. Прыехаўшы ў Парыж маладым чалавекам, ён хутка ўразіў прыхільнікаў старажытнай гульні яркім камбінацыйным падыходам да шахмат. Выйграўшы галоўны прыз у прэстыжным “Кафэ дэ ля Рэжанс”, Яноўскі пасля выступаў практычна на ўсіх буйных шахматных спаборніцтвах свайго часу.
Лепшы перыяд шахматнай творчасці прыпаў на перыяд паміж 1898 і 1906 гадамі. Да пачатку першай сусветнай вайны выступаў на спаборніцтвах за Расею, потым за Францыю. Сярод тых, каго перамагаў Яноўскі, усе мацнейшыя шахматысты таго часу, у тым ліку і чэмпіён свету Эмануіл Ласкер. 13 ліпеня 1896 года Яноўскі першы раз перамог Ласкера на турніры ў Нюрнбергу і стаў сябрам сімвалічнага клубу пераможцаў чэмпіёнаў свету Міхаіла Чыгорына. У траўні 1909 года ён гуляў з чэмпіёнам свету кароткі камерцыйны матч, прызавы фонд якога забяспечыў шахматавы мецэнат Лео Нардус. Вынік матчу нічыйны – 2-2, што дазволіла ўпісаць імя Яноўскага ў рэестр сімвалічнага клубу Гары Пільсберы.
Вяршыняй яго кар’еры сталі два матчы за карону чэмпіёна свету, якія ён згуляў у 1909-ым і ў 1910-ым гадах супраць Эмануіла Ласкера. Яноўскі перамагаў усіх мацнейшых шахматыстаў свету, але ў матчах за тытул яму забракла “халоднай галавы”, стыль атакі, які вызнаваў гэты майстар, не прызнаваў абачлівасці, дадатковай разважлівасці і стрыманасці, часта ён ішоў на неапраўданую рызыку і заўсёды гуляў толькі на перамогу. Чэмпіён свету Ласкер наўмысна ствараў “прэсныя” пазіцыі, усяляк “засушваў” партыі, не даючы Яноўскаму разгарнуць імправізацыю напоўніцу. Зразумела, што закончаны рамантык прайграў, так і ня стаўшы чэмпіёнам свету.
Ласкер так казаў пра Яноўскага: “Яноўскі быў вялікім шахматыстам, але пасрэдным спартоўцам і слабым псіхолагам”.
Па ўспамінах сучаснікаў Яноўскі вылучаўся таксама неадольнай цягай да азартных гульняў. Ягоным фанатычным захапленнем былі карты, ён гуляў у брыдж і покер, і часцяком прайграваў усе заробкі, што прыносілі яму шахматы. Ведамы факт, як у 1901 годзе ён спусціў у казіно Монтэ-Карла ўсе свае прызавыя грошы. Такое здаралася неаднойчы.
У гісторыі шахмат Давід Яноўскі застаўся непапраўным рамантыкам, што датычыць “гістарычнага следу”, то ён зрабіў значны ўнёсак у развіццё дэбютнай тэорыі, пакінуў багатую шэдэўральную спадчыну. Разбіранне партый з удзелам Яноўскага, якія засталіся ў хрэстаматыйных зборніках, прынясуць вам асаблівую асалоду.
Пасля Мангеймскага турніру 1914 года Давід Яноўскі пераехаў у Амерыку, дзе пражыў ажно дзесяць гадоў. Спярша ў Новым свеце ён быў трэцім па сіле шахматыстам пасля кубінца Хасэ-Рауля Капабланкі і Фрэнка Маршала, але спакваля новыя маладыя майстры сталі яго перамагаць. Часамі Яноўскі дэманстраваў ранейшы яркі стыль гульні. Клімат Нью Ёрку стаўся кепскім для здароўя маэстра, ён захварэў і ўрэшце быў змушаны вярнуцца ў Еўропу. У Францыі пражыў яшчэ два гады. Памёр 15 студзеня 1927 года ў горадзе Ер, куды прыехаў для ўдзелу ў турніры.
На радзіме адзін з выдатнейшых майстроў у гісторыі шахмат не ўшанаваны ніяк. У Ваўкавыску ў час дэмакратычнай адлігі была ідэя ўшанаваць Яноўскага, нібыта быў знойдзены нават дом, дзе ён жыў, але далей справа не пасунулася.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя