95 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Надсана
Беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандр Надсан (сапраўднае прозвішча Бочка) нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў мястэчку Гарадзея (Нясьвіжскі раён). Паходзіў з сям’і настаўніка Антона Бочкі, маці таксама была настаўніцай. З дзяцінства размаўляў з маці па-французску (у часы вайны юнаку, закінутаму на чужыну, гэтыя веды вельмі прыдаліся). Пасля школы скончыў Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Пазней казаў, што семінарыя дала яму “ня толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыццё”. Семінарыю скончыў у 1943 годзе. Далей прайшоў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Альбярціне, што пад Слонімам. У чэрвені 1944 года стаў курсантам мінскай афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны.
З 1944 года Аляксандр Надсан на эміграцыі. Летам таго ж года быў далучаны да 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС, пасля чаго перайшоў на бок саюзнікаў. Быў удзельнікам Руху Супраціву фашыстам ў Францыі. Ваяваў у 2-ім Польскім корпусе генерала Андэрса ў Італіі, быў паранены. Меў узнагароды за змаганне з фашызмам, але не любіў пра гэта гаварыць, бо паводле яго слоў «вайна – гэта нялюдскае і страшнае». Пасля вайны савецкая Беларусь, дзе працягваліся сталінскія рэпрэсіі, была для яго закрытая.
У 1946 годзе Надсан пераехаў у Вялікабрытанію, дзе жыў і працаваў з некаторым перапынкам да смерці. У 1953 годзе скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. Стаў стваральнікам і кіраўніком (у 1951-53 гадах) Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, рэдактарам яго часопісаў «Беларус на чужыне» і «На шляху». Быў адным са стваральнікаў БХАА «Жыццё», БАКА «Рунь», а таксама Беларускага незалежніцкага народна-хрысціянскага руху. Магістр багаслоўя рымскай грэчаскай калегіі (1953-58 гады). У 1958 годзе Аляксандр Надсан прыняў святарскае пасвячэнне. У ліпені 1959 года вярнуўся з Рыма ў Вялікабрытанію, працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме. Адначасна ажыццяўляў душпастырскую дзейнасць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. Дырэктар школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966-75 гады). Заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане (з 1971 года). Кіраўнік беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981 года). Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 30 чэрвеня 1986 года). Старшыня Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі (з 1989 года). Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня).
Аляксандр Надсан быў сапраўдным паліглотам, ведаў 9 моваў. Пераклаў з грэчаскай і славянскай моў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства дваццатага стагоддзя, малітоўніка «Госпаду памолімся» (2002 год), які з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.
Неаднаразова прыязджаў у Беларусь. З восені 2014 года Аляксандр Надсан цяжка хварэў. Памёр у выніку развіцця хваробы нырак 15 красавіка 2015 года ў Лондане. Пахаваны на Лонданскіх могілках Святога Панкрата.
Беларускае Радыё Рацыя