95 гадоў з дня нараджэння Хведара Нюнькі
Беларускі грамадска-культурны дзеяч, з 1989 года старшыня Таварыства Беларускай Культуры Летувы, сябра прэзідыуму Рады БНР Хведар Нюнька нарадзіўся 6 красавіка 1928 года ў вёсцы Алешавічы (цяпер Мастоўскі раён) гміны Каменка (цяпер Шчучынскі раён). Так паводле дакументаў і вікіпедыі. Сам Хведар Якубавіч сцвярджаў, што сапраўдная дата яго нараджэння – 5 сакавіка.
Хведар быў другім пасля сястры дзіцём у сялянскай сям’і, якая мела 2,5 гактары зямлі, у дзяцінстве моцна хварэў, але выжыў. Атрымаўшы ў Мастах зямлю і лес ад мясцовага фабрыканта Канапацкага, ягоны бацька Якуб збудаваў там дом з крамай тканіны і харчавання. У 1936 годзе сям’я пераехала на кватэру ў Шчучын, дзе бацька адкрыў галантарэйную і школьных прыладаў краму.
У 1943 годзе сям’я пераехала ў Вільню. Там і прайшло ўсё астатняе жыццё Хведара Нюнькі. У 1948 г. ён скончыў рускую гімназію імя Чарняхоўскага. Вучыўся на лясным факультэце Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі, якую скончыў у 1953 г. Працуючы некаторы час шафёрам у Вільні і Коўне, у хімлясгасе, паводле ўласных успамінаў, у 1954 г. купіў новы аўтамабіль «Победа». Затым пераехаў за горад у Яшуны, дзе атрымаў пасаду ляснічага. У 1957 г. вярнуўся ў горад Вільню, праз некаторы час уладкаваўся на працу ў кантору «Лесахімік». З 1959 г. памяняў спецыяльнасць лесніка на будаўніка. Цягам 35 гадоў да 1992 года працаваў галоўным спецыялістам па каштарысах у праектных будаўнічых інстытутах Вільні. Апошнія гады працы добра зарабляў. Гэта дазволіла ажыццявіць шмат турыстычных падарожжаў па Савецкім Саюзе і за мяжу.
З 1980-х гадоў вёў актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Літве. Далучыўся да працы ў клубе «Сябрына». Ад утварэння 4 лютага 1989 года ажно да 29 верасня 2014 года быў старшынём Таварыства беларускай культуры ў Летуве (ТБК). Галоўная заслуга Хведара Нюнькі ў тым, што ў Вільні было ўсталявана многа мемарыяльных шыльдаў знакамітым беларускім дзеячам. Сядзіба ТБК і кватэра самога Нюнькі былі заўсёды гасцінныя да беларусаў, якія прыязджалі ў Вільню, многія атрымлівалі там прытулак. Вельмі шмат Нюнька зрабіў для арганізацыі і правядзення з’ездаў беларусаў Балтыі. Арганізоўваў выезды сябраў ТБК у беларускія гарады і памятныя мясціны.
Аднак на пасяджэнні Рады ТБК 29.9.2014 года Хведару Нюньку быў выказаны недавер і прыпынена яго старшынства ў арганізацыі. Агульны сход нават выключыў Нюньку з шэрагаў арганізацыі. Нагодай сталі пачатыя крымінальныя справы па нібыта эканамічных парушэннях з нерухомай і фінансавай маёмасцю ТБК. Фактычна ў ТБК здарыўся раскол, паколькі шэраг аўтарытэтных паплечнікаў надалей засталіся з Нюнькам. Судовае пасяджэнне па справе дамоў адбылося ў 2016 годзе. Віленскі акруговы суд сваім рашэннем паставіў кропку ў судовай справе. Былі адкінутыя ўсе абвінавачанні ў дачыненні Хведара Нюнькі, і суд абавязаў выплаціць на яго карысць грашовую кампенсацыю.
У жніўні 2017 года Хведар Нюнька перанёс цяжкую аперацыю. Здарылася гэта пасля сур’ёзнай траўмы галавы. Каб выратаваць яму жыццё, дактарам давялося рабіць складаную аперацыю, звязаную з трэпанацыяй чэрапа. Рэабілітацыя ішла паспяхова. У 2018 годзе вясной Нюнька сабраў многіх сваіх сяброў – з Беларусі, Латвіі, Літвы і ўрачыста адзначыў свае 90-ыя ўгодкі.
Памёр Хведар Нюнька 15 жніўня 2018 года ў Вільні. Развітанне адбылося ў Спаса-Ефрасінеўскай царкве на Ліпаўскіх могілках, дзе яго і пахавалі.
Тыднёвік „Ніва”, №15, 2023