95 гадоў з дня нараджэння Віктара Сянкевіча



Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, журналіст у эміграцыі (Вялікабрытанія, Іспанія, Канада, ЗША) Віктар Сянкевіч (сапраўднае прозвішча Сенькавец) нарадзіўся 19 студзеня 1926 года ў вёсцы Гірстуны (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў з сялянскай сям’і. Вучыўся ў роднай вёсцы, а потым у Глыбокім.

У час  Другой сусветнай вайны ў чэрвені 1944 года быў добраахвотна залічаны ў Мінскую афіцэрскую школу камандзіраў Беларускай краёвай абароны. Пазней Віктар Сянкевіч разам з іншымі аддзеламі БКА трапіў спачатку ў Германію, а потым у Францыю ў выніку перадыслакацыі афіцэрскай школы. У ліку 64 беларускіх кадэтаў перайшоў на бок хаўруснікаў і ўдзельнічаў у руху Супраціву. Пасля як нараджэнец ІІ Рэчы Паспалітай  перавезены амерыканцамі ў Італію, трапіў ў Польскі корпус генерала Андэрса. Удзельнічаў у вызваленні Балонні. Пасля вайны вучыўся ў Польскай гімназіі ў Італіі. У сакавіку 1946 г. у італьянскім горадзе Мадэна ўдзельнічаў у арганізацыі Першага з’езда беларусаў-ваенных з корпуса Андэрса. У канцы 1946 г. браў удзел у заснаванні Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі.

У 1958 годзе Сянкевіч скончыў філасофскі факультэт Мадрыдскага ўніверсітэта. Абараніў доктарскую дысертацыю пра пачаткі ВКЛ. У 1958-61 гадах працаваў у беларускай секцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, дзе выступаў як аўтар каментароў і гутарак на актуальныя беларускія нацыянальныя тэмы. З 1965 г. пачаў пісаць і актыўна супрацаваў з Радыё Свабода, працаваў там пад псеўданімам Язэп Барэйка, апошнім часам вёў там “Беларускі гістарычны каляндар”.

Шматлікія матэрыялы на гістарычныя тэмы Віктар Сянкевіч друкаваў у эмігранцкіх выданнях, у тым ліку ў у часопісе “На шляху” (быў яго заснавальнікам), газетах “Бацькаўшчына”, “Беларус” і іншых. Разам з Кастусём Акулам быў аўтарам бальшыні артыкулаў у ваенна-гістарычным часопісе “Зважай!”, які выдаваўся ў канадскім горадзе Таронта. Там былі надрукаваны такія яго артыкулы, як “Беларускія вайсковыя фармацыі ў летувіскай арміі”, “Сымон Рак-Міхайлоўскі: (3 нагоды сотых угодкаў ад нараджэння)”, “Да 175-годдзя аднаўлення Вялікага княства Літоўскага”, “Вайна 1812 году і беларускія жыды”, “Ю. І. Крашэўскі”, “Матэрыялы з гісторыі ўзброеных сілаў БНР”, “У 70-я ўгодкі савецка-летувіскага мірнага дагавору”, “У 150-я ўгодкі скасавання статуту Вялікага княства Літоўскага”, “Ігнат Грынявіцкі: (да 135-годдзя ад нараджэння і 110-годдзя – ад смерці)”.

У артыкуле “Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтах другой сусветнай вайны” Сянкевіч даследаваў статыстыку польскіх узброеных сіл у складзе войска Вялікабрытаніі, і прыйшоў да высновы, што ў барацьбе супраць краін нацысцкага блока брала ўдзел 30867 жаўнераў беларускага паходжання. Частку сваёй бібліятэкі Сянкевіч падарыў бібліятэцы Іспанскага каталіцкага ўніверсітэту ў горадзе Тамплона, дзе ён выступаў з лекцыямі на беларускую тэматыку.

Пазней Віктар Сянкевіч выйшаў на пенсію і жыў у Сан-Францыска (ЗША), там і памёр 26 верасня 2017 г. Сям’я, паводле запавету, захоўвала прах Віктара і яго жонкі, каб пахаваць іх разам у Беларусі. 16 лютага 2018 г. Сянкевіч разам з жонкай быў пахаваны ў родных Гірстунах на магіле яго маці. Віктар Сянкевіч пакінуў немалую творчую спадчыну  У аповесці Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі» Сянкевічу прысвечаны цэлы раздзел пад назвай “Чалавек, якога немцы не маглі застрэліць”. У ліпені 2019 г. на магіле паставілі помнік. На помніку зроблена эпітафія па-беларуску, яна была выканана па просьбе сына – Майкла Сянкевіча. Тэкст быў напісаны Зміцерам Бартосікам.

Беларускае Радыё Рацыя