95-я ўгодкі Васіля Быкава: афіцыйна і неафіцыйна
Знакаміты беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч нарадзіўся 19 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну.
Селета ўпершыню раённыя ўлады арганізуюць маштабнае адзначэнне ўгодкаў пісьменніка-земляка: анансавана, што імпрэзы ў памяць пра Васіля Быкава будуць праходзіць цягам цэлага тыдня. Паводле belta.by, “асноўнымі месцамі правядзення мерапрыемстваў будуць аграгарадок Кублічы, вёска Бычкі і райцэнтр Вушачы. Цягам тыдня пройдуць выставы пра жыццё і творчасць вядомага літаратара, раённы конкурс вакальных калектываў, пакажуць фільмы пра творчасць земляка. У Кубліцкай раённай бібліятэцы ўдзельнікі “Літаратурнай гасцёўні” абмяркуюць падыход Васіля Быкава да тэмы вайны. У дзень народзінаў пісьменніка, 19 чэрвеня, у ягонай роднай вёсцы Бычкі арганізуюць канцэртную праграму з тэатральнай пастаноўкай аповесці “Знак бяды”, а таксама экскурсіі па музею – сядзібе”. На жаль, у мясцовай газеце “Патрыёт” няма аніводнай абвесткі з запрашэннямі мясцовых жыхароў на ўсе гэтыя імпрэзы. І ўвогуле апошні матэрыял, дзе згадваецца імя Васіля Быкава, быў апублікаваны на сайце выдання амаль год таму.
Сапраўдныя прыхільнікі таленту пісьменніка збіраюцца на ягонай малой радзіме без распараджэнняў раённага аддзела культуры. Штогод, паводле традыцыі, запачаткаванай 15 гадоў таму, у 20-х ліках чэрвеня – у бліжэйшую да ўгодкаў суботу – у Бычках праходзяць імпрэзы з удзелам беларускіх музыкаў, мастакоў, літаратараў, дэмакратычных актывістаў. Сёлета ўрачыстасць адбудзецца 22 чэрвеня, пачатак а 12-й дня. За тры дні да гэтага ў Бычках распачне працу валанцёрскі летнік: моладзь падрыхтуе пляцоўку для святкавання каля будынку пачатковай школы, дзе некалі вучыўся Васіль Быкаў.
Беларускае Радыё Рацыя