“А снег ідзе” ад Алены Кузьняцовай у Гародні
Некалькі дзясяткаў працаў выбітнай гарадзенскай мастачкі Алены Кузняцовай пад агульнай назвай “А снег ідзе” прадстаўлены ў Гародні. Гарадзенская выставачная зала паказвае яе творчыя здабыткі за апошнія тры гады. Яе працы, у тым ліку ілюстрацыі да кніг казак, паказваюць прыгажосць Гарадзеншчыны і Беларусі, а таксама распавядаюць пра розных казачных персанажаў.
Пра адметнасці сваіх малюнкаў кажа Алена Кузьняцова:
– За мастака павінны гаварыць працы. Я ўмею толькі гаварыць пэндзлем і пяром. Не, не ўся выстава прысвечана зіме. Толькі яе частка. Увогуле выстава юбілейная. І тут такія тэмы, да якіх я звярталася на працягу ўсяго свайго творчага шляху. Але пад адной агульнай назвай “А снег ідзе”, таму што снег ідзе – жыццё працягваецца. За зімой будзе вясна, за вясной – лета, затым будзем зноў чакаць навагодніх святаў.
Для таго, каб было адчуванне Калядных святаў, у зале паставілі вялікую ялінку са старымі ўпрыгожваннямі. На адкрыццё выставы, якая будзе працягвацца да 25 студзеня, сабраліся гарадзенскія мастакі і мастацтвазнаўцы, а таксама вялікая колькасць вучняў Алены Кузняцовай.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
