Абарона драўлянай спадчыны



Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту сабраў на адмысловым круглым стале архітэктараў, рэстаўратараў, майстроў па дрэве, усіх неабыякавых да праблемы захавання драўлянай архітэктурнай спадчыны.

Сярод узнятых пытанняў былі праблемы выбару рэстаўрацыі ці рамонту пабудоваў з дрэва; пошук кампрамісу ва ўмовах абмежаванасці прапановы ад кваліфікаваных майстроў-рэстаўратараў; вопыт, як даць „другое жыццё” драўляным канструкцыям і многія іншыя.

Гаворыць загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзелу музею ў Строчыцах Ігар Іваноў:

– Сёння мы сабраліся, каб абмеркаваць такія важныя праблемы, як рэстаўрацыя, захаванне і маніторынг. Пытанні рамонту, пытанне рэстаўрацыі, як яны суадносяцца, што ёсць рамонт, што ёсць рэстаўрацыя. Ёсць пытанні выкарыстання традыцыйных тэхналогій падчас рэстаўрацыі. У гэтых пытаннях рэстаўрацыі на дзяржаўным узроўні існуе прабел.

Арганізатары плануюць правесці круглы стол па праблемах захавання драўляных помнікаў архітэктуры штогадовым, выдаць тэматычны зборнік і выкарыстаць карысны досвед калег для таго, каб нашчадкі пабачылі шэдэўры з дрэва на свае вочы.

Беларускае Радыё Рацыя