Абноўленую экспазіцыю „Берасце” адкрыюць у час форуму „Музеі Беларусі”



Абноўленую экспазіцыю археалагічнага музея «Берасце» ўрачыста адкрыюць 5 кастрычніка ў час IV Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі». Аб гэтым паведаміў дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

«Мы не толькі абнавілі экспазіцыю, якая існуе, але і заклалі аснову для далейшага развіцця, магчыма, усёй тэрыторыі былога старажытнага Берасця. Праведзена вялікая работа. Тэрыторыя вакол музея стала інфарматыўнай. З’явіліся малыя архітэктурныя формы, якія расказваюць, як трансфармавалася назва горада ад першай летапіснай да сённяшняй. На стэндах можна ўбачыць, як будаваўся і развіваўся Берасцейскі замак, дзе праходзілі раскопкі, былі знойдзены старажытныя маставыя», – адзначыў Аляксей Міцюкоў.

У час рээкспазіцыі абноўлены ўсе 14 залаў археалагічнага музея, унесена новая тэма – развіццё горада і Берасцейскага замка пасля XIV стагоддзя. Наведвальнікі могуць убачыць, якое адзенне насілі старажытныя жыхары горада, якімі займаліся рамёствамі, як выглядаў іх побыт. Некаторыя тэматычныя комплексы пашыраны і дапоўнены прадметамі, якія раней не дэманстраваліся.

Экспазіцыя стала больш інтэрактыўнай, зʼявілася аўдыясуправаджэнне, выкарыстоўваюцца QR-коды, 3D-акулярыі. Жадаючыя могуць завітаць у кіназалу, дзе паказваюць гістарычныя і дакументальныя фільмы пра Берасце, дзецям будзе цікавы тэматычны мультфільм.

Акрамя таго, праведзены капітальны рамонт будынка. Шкляныя вітражы заменены на шклопакеты, устаноўлены ахоўны шкляны пояс агароджы раскопу. Фінансаваліся ўсе работы за кошт абласнога бюджэту, на гэтыя мэты накіравана больш за Br1,5 млн. «Берасце» зʼяўляецца ўнікальным музеем, аналагаў якому няма ў Еўропе. Ён адкрыўся ў сакавіку 1982 года на Шпітальным востраве Берасцейскай крэпасці на месцы дзяцінца старажытнага Берасця.

З 1969 па 1981 год на гэтай тэрыторыі праводзіліся раскопкі. Вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі вызначылі дакладнае месцазнаходжанне гарадзішча, была адкрыта частка рамеснага квартала старажытнага горада. Спецыялісты знайшлі больш за 220 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў XI – пачатку XIV стагоддзяў, тры вулічныя маставыя, частакол, больш за 43 тыс. прадметаў матэрыяльнай культуры.

IV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» пройдзе ў Берасці 4-6 кастрычніка. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры і Берасцейскі аблвыканкам. Тэма мерапрыемства ў гэтым годзе – «Музей: навука, інавацыі, камунікацыя».

БелТА