Абвешчана журы прэміі Шэрмана



Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.

Склад журы:

Лявон Баршчэўскі – перакладчык, кандыдат філалагічных навук;

Ганна Бутырчык – выкладчыца, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры замежнай літаратуры;

Вольга Марозава – перакладчыца, выкладчыца пісьмовага перакладу;

Сяргей Сматрычэнка – філолаг, перакладчык, рэдактар;

Сяргей Шупа – перакладчык, журналіст, лаўрэат прэміі Карласа Шэрмана (намінацыя „Пераклад прозы”, 2019).

Сёлета будуць вызначаны лаўрэаты ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае грашовы прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.

Каб падаць заяўку, запоўніце форму: https://tinyurl.com/ybtancpf, электронную версію і вокладку (jpeg) выдання дашліце на [email protected] з пазнакай у тэме “Імя і прозвішча перакладчыка, назва кнігі”. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5 кніг) трэба перадаць у Беларускі ПЭН-цэнтр (адрас: вул. Залатая горка, 2, 101, кожную сераду з 10.00 да 19.00, дамовіцца на сустрэчу і атрымаць код ад дамафона можна па тэлефоне +37544 7994047).

Калі падача электроннага варыянта перакладзенай кнігі немагчымая, намінатар павінен прадаставіць не менш за 4 папяровыя асобнікі кнігі.

Падрабязней з умовамі прэміі можна пазнаёміцца, прачытаўшы яе статут і рэгламент https://pen-centre.by/sherman.html.

Заяўкі прымаюцца да 20 траўня (уключна).

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр https://pen-centre.by/, Саюз беларускіх пісьменнікаў https://lit-bel.org/ і Дабрачынны фонд “Вяртанне” http://viartannie.by/.

У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад кнігі “Панядзелак” Мойшэ Кульбака, Антон Францішак Брыль за пераклад вершаў  Марка Валерыя Марцыяла і Надзея Кандрусевіч за пераклад кнігі “Ёрдзіс” Юі Вісландэр.