Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай
Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду.
У яго ўвайшлі 3 кнігі:
Данута Бічэль-Загнетава “Гускі вяртаюцца”. Выдавецтва “ЮрСаПрынт”, Гродна. Вольга Гапеева “Чорныя макі”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск. Андрэй Хадановіч “Школа травы”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
Цырымонія ўзнагароджання, на якой будзе названы пераможца прэміі, адбудзецца анлайн (дзень і час удакладняюцца). Пераможца прэміі атрымае грашовы прыз.
У журы прэміі Наталлі Арсенневай сёлета ўвайшлі: паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, выкладчыца сусветнай літаратуры Вольга Гронская, паэт, літаратуразнаўца, архівіст, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца Анжэла Мельнікава, паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Лера Сом.
Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае” і Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”.