Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай



Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на перамогу.

У яго ўвайшлі:

Міхал Бараноўскі “Volumen.2”. Выдавецтва “Медысонт”, Менск. Алеся Башарымава “Расамаха”. Выдавецтва “Медысонт”, Менск. Вольга Гапеева “Словы, якія са мной адбыліся”. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск. Юля Цімафеева “ROT”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск; выдавецтва “Вясна”, Прага.

Па статуце прэміі ў кароткі спіс могуць увайсці тры кнігі, але сябры журы прынялі рашэнне зрабіць кароткі спіс з чатырох пазіцый.

“Ужо тое, што замест меркаванай тройкі шорт-лістэраў атрымалася чацвёрка, сведчыць пра моцны і годны склад прэтэндэнтаў на прэмію. Гэта той выпадак, калі журы вымушана сапраўды крыху паламаць галаву, а потым урэшце прыняць нешта кшталту “саламонавага рашэння”. І, як трэба было чакаць, лідарства трымаюць кнігі, аўтары якіх здолелі сказаць нешта новае і адлюстраваць свой непаўторны свет. Свет, які, напэўна, не зблытаеш з чыім-небудзь іншым. Хай ён нават каму-небудзь падасца і дзівакаватым-дзікаватым”,

— дзеліцца сваімі ўражаннямі сябра журы, паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.

У 2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу “Школа травы”, у 2019 – Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга “Перавыбранае”. Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў ўзнагароду за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.