Абвешчаны кароткі спіс прэміі Шэрмана
Журы зацвердзіла кароткі спіс прэміі імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.
Сёлетні кароткі спіс складаецца з дзесяці найлепшых перакладных твораў 2019 года: чатыры ў намінацыі “Пераклад прозы” і па тры ў намінацыях “Пераклад паэзіі” і “Пераклад дзіцячай кнігі”.
Нагадаем, што журы будзе абіраць па адным пераможцы ў кожнай намінацыі. Кожны з пераможцаў атрымае прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.
„Кінулася ў вочы, што найлягчэй вызначыць лідэраў было ў намінацыі “Паэзія“ – мабыць, таму, што паэзія – найменш “камэрцыйная” галіна літаратуры, і перакладчыкі сапраўды выбіралі кнігі як ім падказала сэрца. Добра памучыліся мы з намінацыяй “Проза”, дзе перагаласоўваць давялося аж тры разы, але выбраць з чатырох найлепшых тры – так і ня здолелі, вырашылі пакінуць усе чатыры. Добры выбар кнігі для перакладу – палова посьпеху, і вось у прозе сёлета, як мне здаецца, з гэтым былі праблемы, калі не сказаць няўдачы.
Зь дзіцячай літаратурай было бадай што найцяжэй, бо надта ўжо розныя былі кнігі – ад першых чытанак для самых маленькіх да амаль дарослых раманаў, параўноўваць іх якасьць і ўкладзеную працу вельмі складана. Але, здаецца, вынікі галасаваньня ўсіх задаволілі”, – дзеліцца думкамі сябра журы прэміі Сяргей Шупа.
Уручэнне прэміі Шэрмана і абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца 17 кастрычніка а 19.30 у Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) у межах фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Падчас цырымоніі адбудзецца прэзентацыя кнігі мемуараў Карласа Шэрмана “Блуканец”.
Калі вы маеце жаданне завітаць на цырымонію ўручэння, трэба зарэгістравацца.
Колькасць месцаў абмежаваная. У зале будуць забяспечаны эпідэміялагічныя нормы: рэкамендаваны масачны рэжым, будуць санітайзеры і адпаведная дыстанцыйная рассадка.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.
Кароткі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2020
Пераклад паэзіі
Ігар Кулікоў, пераклад са стараангельскай – “Стараангельская паэзія”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.
Алег Мінкін, пераклад з украінскай – Мікола Зэраў “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Менск.
Андрэй Хадановіч, пераклад з польскай – Ільдэфанс Галчыньскі “Выбранае”. Выдавец Зміцер Колас, Менск.
Пераклад прозы
Якуб Лапатка, пераклад з фінскай – Франс Эміль Сіланпя “Праведная галеча”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.
Кацярына Маціеўская, пераклад з польскай – Анджэй Сапкоўскі “Вядзьмар. Апошняе жаданне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.
Марына Шода, пераклад з польскай – Антоні Лібера „Мадам”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.
Пераклад дзіцячай кнігі
Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн „Малы і Карлсан, які жыве на даху” і „Карлсан прылятае зноў”. Выдавецтва “Папуры”, Менск.
Сяргей Матырка, пераклад з нямецкай – Эрвін Мозэр “Неверагодныя гісторыі на дабранач”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.
Марыя Пушкіна, пераклад з польскай – Раксана Енджэеўска-Врубель “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.