Абвешчаны лаўрэаты літаратурнай Прэміі Гедройца



Уручэнне ўзнагароды прайшло не ў Менску, як гэта было звычайна, а ў Калюмновай зале Варшаўскага ўніверсітэту.

У сувязі з пандэміяй мерапрыемства было нешматлюдным. Беларускія літаратары, якія былі намінаваныя на прэмію і якія атрымалі ўзнагароджанне, выступілі ў анлайн-фармаце.

Асабіста прысутнічала толькі  Ева Вежнавец. Пісьменніца атрымала першае месца за кнігу “Па што ідзеш, воўча?”. Яна таксама атрымала адмысловую прэмію “Еўрарадыё”.

Пісьменніца працавала над кнігай 10 гадоў. У яе кнізе розныя беларусы загаварылі, – кажа Ева Вежнавец:

-Даць голас  беларусам, якія ніколі не мелі голасу. Я прачытала аднойчы такую фразу: “зямлёю пакрытыя, незабытыя”. І вось гэтыя “зямлёю пакрытыя” павінны былі атрымаць гэты голас. І калі я атрымала гэтую прэмію, я ў думках звярнулася да іх. Я сказала: “Бачыце, нічога не было дарэмна. Недарэмна вам зямлёю забілі рот. За вас буду гаварыць я”.

Упершыню лаўрэатамі першых двух месцаў літаратурнай прэміі Гедройца аказаліся жанчыны. Гэта Ева Вежнавец і Таццяна Скарынкіна за кнігу “Райцэнтр”, кажа кіраўніца беларускага ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай:

– Я вельмі ўсцешаная, што ажно два першыя месцы ўзялі жанчыны. І тут варта было б падзякаваць Святлане Алексіевіч з яе ініцыятывай жаночага выдавецтва „Пфляўмбаўм”. Бо дзякуючы менавіта гэтай ініцыятыве, кнігі гэтыя з’явіліся і пабачылі свет.

Трэцяе месца атрымаў Сяргей Абламейка за кнігу “Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі”.

Ганаровыя госці мерапрыемства, якія дапамагалі ў яго арганізацыі, – дырэктар Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы прафесар Ян Маліцкі і амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя