Абвешчаны лонгліст прэміі Наталлі Арсенневай



Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з доўгім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду. У яго ўвайшлі:

Міхал Бараноўскі “Volumen.2”. Выдавецтва “Медысонт”, Менск. Алеся Башарымава “Расамаха”. Выдавецтва “Медысонт”, Менск. Вольга Гапеева “Словы, якія са мной адбыліся”. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск. Артур Камароўскі “Вада пачынае жыць”. Выдавецтва “Галіяфы”, Менск. Марыя Мартысевіч “Як пазбыцца Маматута”. Выдавецтва “Koska”, Менск. Ванда Марцінш Душ Рэйш “Мора мары”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Менск. Юля Цімафеева “ROT”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Менск; выдавецтва “Вясна”, Прага.

Па статуце прэміі ў доўгі спіс можа ўвайсці ад 6 да 10 кніг, сябры журы вылучылі 7 кніг.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. 

У  2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу “Школа травы”, у 2019 – Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга “Перавыбранае”. Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў узнагароду за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.  Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.