Абвешчаны пераможцы Прэміі Цёткі ў дзвюх намінацыях
У 2021 годзе “Найлепшай кнігай для дзяцей і падлеткаў” стала кніга Вольгі Гапеевай “Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі” (Галіяфы). У намінацыі “Найлепшае мастацкае афармленне” перамог Валерый Славук, які аздобіў збор чарадзейных казак “Вядзьмар, які рабіўся ваўком” (Янушкевіч), паведамляе беларускі ПЭН-цэнтр.

У складзе літаратурнага журы ў гэтым годзе працавалі Вера Жыбуль (Бурлак), Наста Грышчук, Наталля Мядзвездь, Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская і Ціхан Чарнякевіч. У мастацкае журы ўваходзілі Кацярына Дубовік, Павел Татарнікаў і Ігар Юхневіч.
Імпрэзы прысвечанай дзіцячай літаратуры і прэміі сёлета не адбудзецца.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года. За гэты час лаўрэатамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валеры Гапееў з кнігай “Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”, Вера Бурлак з кнігай вершаў “Фантазюркі” і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай “Чаму Меша не мае хаты”.
