Абвешчаны шорт-ліст прэміі “Дэбют”



Журы вызначыла кароткі спіс намінантаў на прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.

Сёлета ў яго ўвайшлі:

Паэзія

Алесь Замкоўскі. Наступны прыпынак. — Менск: Кнігазбор;

Галіна Сіўчанка. Зоў звычаю. — Менск: Медысонт;

Стась Карпаў. Канцылярыі розных спраў. — Менск: Медысонт.

Пераклад

Юлія Алейчанка: Вецер у валасах (пераклады аўтараў: Мікаіл Мушфіг (Азербайджан), Сяргей Комаў (Казахстан), Мэн Хаажань (Кітай), Сюй Чжымо (Кітай), Майроніс (Літва), Андрэй Каровін (Расейская Федэрацыя), Саліх Гуртуеў (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка), Лула Куні (Чачэнская Рэспубліка), Нізом Касім (Рэспубліка Таджыкістан), Леся Мудрак (Украіна), Сяргей Савін (Украіна). — Менск: Выдавецкі дом “Звязда”;

Ліда Наліўка: Лэсь Бэлэй. Ліхія дзевяностыя. Любоў і нянавісць у Ужгарадзе (з украінскай). — Вільня: Логвінаў;

Паўліна Вітушчанка: Рычардас Гавяліс. Віленскі покер (з літоўскай). — Вільня: Логвінаў.

Проза

Алесь Кіркевіч. Самурай. — Менск: Кнігазбор;

Стэфан Корф. Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага: містычная аповесць у шасцідзесяці трох днях. — Менск: Кнігазбор;

Дар’я Трайдэн. Крыштальная ноч. — Менск: Кнігазбор;

Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымаюць ад Фонду “Вяртанне” 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў. Згодна з Палажэннем аб правядзенні прэміі, у адной ці некалькіх намінацыях пераможца можа не вызначацца. Вынікі прэміі будуць агучаныя на ўрачыстай цырымоніі ў канцы сакавіка.

У сёлетняе журы прэміі ўвайшлі: Павел Бераговіч, Леанід Галубовіч, Адам Глобус, Вера Жыбуль (Бурлак), Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў — Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Юлія Шарова, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева, Таццяна Нядбай і інш.