Абвешчаны шорт-ліст прэміі «Героі году-2017» у беларускай музыцы
На 14-годдзе парталу TuzinFM 12 снежня пройдзе штогадовая музычная прэмія «Героі году». У намінацыі «Адкрыццё» сёлета пяцёра прэтэндэнтаў, а на «Гурт году» намінуецца васьмёра выканаўцаў.
У намінацыю «Адкрыццё году» трапляюць тыя выканаўцы, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз. Улічваецца творчая актуальнасць і арыгінальнасць, наяўнасць студыйных запісаў і музычных відэа, актыўнасць у сацсетках, канцэрты, удзел у конкурсах і фестывалях, супольная праца з іншымі гуртамі. Важным крытэрам з’яўляецца таксама наяўнасць беларускамоўных песень у рэпертуары выканаўцы. Сёлета на «Адкрыццё» намінуюцца 5 гуртоў (выканаўцаў). Гэта спявачка Кацярына Ваданосава, пераможцы конкурсу «Заспявай 4×4» гурт Helious, электронны праект Mikita, інструментальны індзі-гурт The Glithhh, арт-рокавы дуэт «МorkvoЦвет».
Пры вызначэнні намінантаў на «Гурт году» да ўвагі найперш бярэцца творчая і медыйная актыўнасць: рэлізы, гастролі, сольныя канцэрты, удзел у фэстах, актыўнасць у сацсетках, поспех у чартах. Ну, і вядома, арыгінальнасць і актуальнасць. Намінавацца на «Герояў» у адрозненне ад «Адкрыцця» можна бясконца. Наяўнасць беларускай мовы ў песнях з’яўляецца пажаданым, але не вызначальным крытэрам. Сёлета у шорт-ліст гэтай намінацыі ўвайшлі васьмёра гуртоў (выканаўцаў): Nizkiz, Вольга Падгайская і Віталь Эпаў (Five-Storey Ensemble), TonqiXod, Барыс Штэрн («СлухацьУнавушніках»), Akute, Re1ikt, Лявон Вольскі, Naviband.
Па традыцыі пераможцаў у намінацыях «Адкрыццё году» і «Гурт году» па версіі TuzinFM назавуць на прэміі «Героі году» 12 cнежня. Сёлета яна пройдзе ў клубе «Мачо», што ў комплексе «Журавінка» (вул.Янкі Купалы, 25). Да абвяшчэння ўдзельнікаў канцэрту, якое адбудзецца 27 лістапада, у продажы даступныя самыя танныя квіткі.
У канцэрце возьме ўдзел тры прэтэндэнты з шорт-ліста на «Гурт году» і адзін намінант на «Адкрыццё». Лайн-ап будзе абвешчаны ўвечары 27 лістапада. Да гэтага моманту можна набыць квіткі на імпрэзу танней. Квіткі прадаюцца праз сэрвіс bezkassira.by.
Найлепшых у беларускай музыцы партал TuzinFM называе з 2003 года. У розныя часы «Адкрыццём году» прызнаваліся Tlusta Lusta, Akute, Паліна Рэспубліка, «Людзі на балоце», Hurma, Leibonik, Pauline, Intelligency, а «Героям году» станавіліся Akute, Re1ikt, Dzieciuki, «Крамбамбуля», рок-паэт Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Доўгушаў і гурт Vuraj, а таксама аўтары найлепшых песень сезону на TuzinFM – Zet, N.R.M., «Ляпіс Трубяцкі», «Глюкі».
12.12.2017. Прэмія «Героі году» ад TuzinFM. Macho club (комплекс «Журавінка», вул.Янкі Купалы, 25). Пачатак у 19.00. Даведкі па тэл. +375 29 687-20-93.
Беларускае Радыё Рацыя