Абвешчаны збор грошай для ўсталявання бюстаў Быкава і Барадуліна ў Вушачах



Глеб Лабадзенка, вядомы менеджар культурніцкіх праектаў, паведаміў пра атрыманне дазволе на ўсталяванне бюстаў Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава на малой радзіме славутых беларускіх літаратараў.

Ідэя ўшанаваць іхнюю памяць такім чынам з’явілася ўжо даўно, год таму спадар Лабадзенка агучыў яе перад мясцовымі раённымі ўладамі. Райвыканкам падтрымаў ініцыятыву, і з тае пары вяліся перамовы ды ўзгадненні праекта ў розных  інстанцыях. Цяпер дакументы на руках, і Глеб Лабадзенка распавёў пра ідэю з бюстамі больш падрабязна:

– Аўтар – Ігар Засімовіч, скульптар, які паставіў Барадуліну валун і крыж на валуне на магіле, стварыў дошку на доме, дзе жыў Барадулін у Менску. Гэта будуць два бюсты, больш як у натуральную велічыню, на такіх велічных мармуровых пастаментах. Папярэдне ўзгоднены эскіз, і зараз нас чакае толькі мастацкая рада.

Мастацкая рада мае канчаткова зацвердзіць выгляд бюстаў. У перспектыве, паводле Глеба Лабадзенкі, у Вушачах можа з’явіцца цэлая алея славутых землякоў – на ўзор той, якая ёсць у Глыбокім. Яе могуць дапоўніць, прыкладам, бюсты Петруся Броўкі і Еўдакіі Лось – вядомых літаратараў, нараджэнцаў Вушаччыны. Месца для яе заснавання абралі вельмі прыдатнае – практычна ў самым  цэнтры мястэчка. Прыкладная сума, якую трэба будзе выдаткаваць на стварэнне бюстаў, пастаментаў, іх дастаўку і ўсталяванне – каля 12 з паловай тысяч даляраў.

Глеб Лабадзенка мяркуе, што беларусы, неабыякавыя да памяці Быкава і Барадуліна, ахвяруюць на гэтую справу, як было і з іншымі падобнымі праектамі. Адно што цяпер у Беларусі не працуюць асноўныя пляцоўкі для краўдфандынга, і збіраць сродкі давядзецца на асабістыя банкаўскія карткі. Ахвярадаўцаў і спонсараў  Глеб Лабадзенка просіць звязвацца з ім асабіста – праз сацыяльныя сеткі або электронную пошту  [email protected]  

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота з архіва Глеба Лабадзенкі.