Абвешчаныя лепшыя альбомы беларускіх музыкаў па версіі Experty.by



У Менску прайшло ўзнагароджанне лепшых беларускіх альбомаў паводле адзнакаў беларускіх і замежных музычных журналістаў. Прыз у намінацыі „Лепшы альбом года” адыйшоў гурту Tonqixod за плытку „Колер, якога няма”.

Апроч таго гэты гурт атрымаў яшчэ чатыры ўзнагроды ў  намінацыях „Лепшы беларускамоўны альбом”, „Лепшы рок-альбом”,  а таксама прыз ад штатных экспертаў ды прыз ад вялікага журы.

„За год штатныя эксперты паслухалі 240 беларускіх альбомаў, выдадзеных у 2017 годзе. 33 з іх былі адрэцэнзаваныя і патрапілі на ацэнку ўсяго складу журы. Карцінка атрымалася стракатай і гэта добра”, – адзначае кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны:

– Мне здаецца, Tonqixod збольшага на сваю моц выступіў. „Троіца” збірала пяць узнагарод, PortMone збірала пяць узнагарод. Здзівіла Аня Жданава, пра якую даўно і шмат чуў і бачыў яе ў межах розных праектаў, але яна выдала вельмі цэльны, вельмі цікавы альбом.

„Дэбютам года” і „Лепшым фольк-альбомам” была названая праца гурта Ulyanica.

„Мы вельмі б хацелі выступіць у Беларусі ў поўным складзе”, – кажа вакалістка беларуска-польскага гурта Ulyanica Ульяна Гедзік.

– Хлапцы з гурта таксама вельмі спадзяюцца, што зайграем ў Беларусі. Яны вельмі зацікаўленыя, таму што любяць гэтую музыку. З таго часу, як мы пачалі працаваць разам, для мяне гэта вялікае шчасце. І маю вялікую надзею, што  ўсё атрымаецца ў хуткім часе.

У намінацыі „Лепшы электронны альбом” перамагла Аня Жданава. Нягледзячы на тое, што музыка працуе больш як дзесяць гадоў і ўдзельнічае ў розных праектах. Альбом „Appetiizer” стаўся для яе першым афіцыйным рэлізам.

Прыз народных экспертаў атрымаў гурт з Беласточчыны Zero-85 за альбом  «Turriptopsis Nutricula». Гэты рэліз музыкі рыхтавалі 15 гадоў. Па словах экспертаў, гэты музычны год у Беларусі стаўся перыядам „запозненых дэбютаў” ды вяртанняў.

Сёлета шматлікія ўзнагароды атрымалі музычныя каманды, якія ўжо фактычна не існуюць. Сярод такіх прыкладаў і Zero-85, бо пасля запісу доўгачаканага альбома гурт спыніў сваё існаванне.

„Лепшы поп-альбом” і прыз замежных экспертаў адыйшоў да гурта ЛСП з альбомам „Tragic City”.

Узнагароджанне лепшых альбомаў сярод беларускіх музыкаў праходзіла  ў 11 намінацыях. У якасці прыза за „Лепшы альбом года” ды „Лепшы беларускамоўны альбом” гурты-пераможцы атрымалі рэкламна-інфармацыйную падтрымку  канцэрта. У журы прэміі Experty.by гэтым годам ўвайшлі 17 беларускіх журналістаў і блогераў, а таксама 5 замежных крытыкаў – прадстаўнікоў медыя-рэсурсаў краін, з якімі мяжуе Беларусь.

Падрабязней слухайце ў далучаным файле:

[Not a valid template]

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск