Абвяшчаецца набор заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай
Намінаваць кнігі можна да 10 ліпеня.
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове. Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі.
У склад журы прэміі сёлета ўваходзяць:
– Анатоль Івашчанка, паэт, літаратуразнаўца;
– Вольга Іпатава, пісьменніца, перакладчыца;
– Наста Кудасава, паэтка;
– Дзмітрый Строцаў, паэт;
– Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык.
Правам намінавання валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, сябры журы і самі аўтары.
Удзельнічаць у сёлетнім конкурсе могуць паэтычныя кнігі, напісаныя на беларускай мове і выдадзеныя ў электронным ці папяровым выглядзе ў 2017 годзе.
Заяўка павінна ўтрымліваць наступныя звесткі:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
б) назва кнігі, выдавецтва, месца і год выдання;
в) імя (імёны) паэта/паэткі, па магчымасці кантактныя дадзеныя;
г) электронныя pdf-версіі выданняў і, калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, мінімум два папяровыя асобнікі кніг. Папяровыя асобнікі прымаюцца па адрасе Саюза беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906), электронныя варыянты – на адрас: [email protected].
Заяўкі прымаюцца да 10 ліпеня.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 г. і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Сёлета прэмія адбудзецца ўжо другі раз. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”.
Прэмія ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, арганізатары прэміі ім. Наталлі Арсенневай – Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.
Сачыць за абнаўленнямі можна на старонцы прэміі ў ФБ.
Беларускі ПЭН-цэнтр