Аб’яўлены намінанты прэміі „Эмі”



Аб’яўлены намінанты тэлевізійнай прэміі „Эмі” (ЗША), паведамляюць інфармагенцтвы.

„Гульня прастолаў” лідзіруе па колькасці намінацый. Усяго серыял вылучаны ў 22 намінацыях, уключаючы асноўную – „Лепшы драматычны серыял”. У гэтай катэгорыі таксама прадстаўлены праекты „Карона”, „Амерыканцы”, „Гэта мы”, „Вельмі дзіўныя справы”, „Свет Дзікага Захаду”, „Расказ служанкі”. Апошнія два серыялы таксама сталі лідарамі па колькасці намінацый (21 і 20 адпаведна).

Некалькі акцёраў з „Гульні прастолаў”, уключаючы Пітэра Дзінклэйджа, Мікалая Костэра-Вальдау і Лену Хідзі, намініраваны на прэмію за выкананне роляў другога плана.

Лепшым камедыйным серыялам могуць стаць: „Атланта”, „Бары”, „Чорная камедыя”, „Бляск”, „Дзіўная місіс Мейзел”, „Стрымай свой энтузіязм”, „Сіліконавая даліна”, „Нязломная Кімі Шміт”.

У катэгорыі „Лепшы акцёр у драматычным серыяле” прадстаўлены Джэйсан Бейтман („Озарк”), Стэрлінг Браўн („Гэта мы”), Эд Харыс („Свет Дзікага Захаду”), Мэцью Рыз („Амерыканцы”), Майла Вентымілья („Гэта мы”) і Джэфры Райт („Свет Дзікага Захаду”). У жаночай катэгорыі прэмію могуць атрымаць Клер Фой („Карона”), Таццяна Маслані („Цёмнае дзіця”), Элізабет Мос („Расказ служанкі”), Сандра О („Забіваючы Еву”), Кэры Расэл („Амерыканцы”) або Эван Рэйчэл Вуд („Свет Дзікага Захаду”).

У намінацыі „Лепшы акцёр у міні-серыяле або тэлефільме” прадстаўлены, у прыватнасці, Антоніа Бандэрас („Геній”), Бенедыкт Камбербэтч („Патрык Мелроўз”), Джон Леджэнд („Ісус Хрыстос – суперзорка. Канцэрт”).

Прэмія „Эмі” заснавана ў 1949 годзе. Прысуджваецца Акадэміяй тэлевізійных навук і мастацтваў і лічыцца ў ЗША аналагам кінапрэміі „Оскар” у галіне тэлебачання. Статуэтка, якую атрымлівае пераможца, уяўляе сабой жанчыну з крыламі і атамам у руках. Такі дызайн адлюстроўвае яднанне навукі і мастацтва.

У гэтым годзе ўзнагароды будуць уручаць 70-ы раз. Цырымонія адбудзецца 17 верасня ў Лос-Анджэлесе.

belta.by