Аб’яўлены збор сродкаў на ратаванне касцёла ў Мсціславе
Аб’яўлены збор сродкаў на падрыхтоўку дакументаў першачарговых проціаварыйных работ у касцёле былога калегіума езуітаў XVII стагоддзя ў горадзе Мсціслаў.
У былым езуіцкім касцёле абрынулася частка сцяны, якая трымала нагрузку скляпенняў будынка. Мясцовы дабрачынны фонд „Адраджэнне гісторыка-архітэктурных помнікаў г. Мсціслава” пачаў збор сродкаў, таксама адкрыты разліковы рахунак, інфармацыя аб якім размешчана на сайтах Мсціслаўскага, Кіраўскага, Крычаўскага, Бабруйскага, Асіповіцкага райвыканкамаў, Міністэрства культуры. „Выкананне работ па рэстаўрацыі і аднаўленні аб’ектаў спадчыны ў складчыну з’яўляецца агульнасусветнай практыкай і традыцыяй, якая не чужая беларускаму народу. Так, у папярэднія гады з прыцягненнем дабрачынных ахвяраванняў праведзена замена вежы на камяніцы ў Нясвіжы, праводзіліся работы па захаванні касцельнай вежы ў Навагрудку. У далейшым фінансаванне мерапрыемстваў па захаванні аб’екта спадчыны можа ажыццяўляцца за кошт сродкаў бюджэту і іншых крыніц”, – адзначылі ў ведамстве.
У Міністэрстве культуры растлумачылі, што па заканадаўстве ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі забеспячэнне захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей ускладаецца на іх уласнікаў (карыстальнікаў). Пры падпісанні ахоўнага абавязацельства ўласнікі прымаюць абавязкі па захаванні нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Рашэнне аб неабходнасці правядзення работ на аб’ектах прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, што прадугледжана палажэннем аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб’ектаў, зацверджаным Саветам Міністраў.
З рэспубліканскага бюджэту штогод, зыходзячы з інвестыцыйных магчымасцей, накіроўваюцца сродкі для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, і доступу да іх, а таксама гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі „0”, „1”, „2”, якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і ва ўласнасці рэлігійных арганізацый, па пераліку, зацверджаным пастановай Савета Міністраў, у частцы капітальных расходаў. Фінансаванне ажыццяўляецца на ўмовах роўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.
У 2018 годзе па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, дзяржаўнай праграме „Культура Беларусі на 2016-2020 гады” плануецца прадоўжыць фінансаванне найбольш значных аб’ектаў, работы па якіх былі пачаты ў мінулыя гады: Косаўскі палацава-паркавы ансамбль Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці; палацавы комплекс у гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці; Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку; комплекс былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці; касцёл Божага Цела ў Нясвіжы; палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці; Успенскі манастыр у вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці; замкі ў Гарадзенскай вобласці – гарадах Ліда, Навагрудак, у вёсцы Крэва Смаргонскага раёна, у вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна.
Бюджэтныя сродкі накіроўваюцца зыходзячы з неабходнасці канцэнтравання сродкаў на аб’ектах, рэстаўрацыйныя работы на якіх пачаты ў папярэднія гады, забеспячэння іх больш хуткага ўводу і ўключэння ў грамадска-культурную дзейнасць рэгіёна.
У Мінкультуры дадалі, што за апошнія гады была праведзена рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту на такіх значных аб’ектах спадчыны, як палац Паскевічаў у Гомелі, палац у Крычаве, замкі ў горадзе Нясвіжы і гарадскім пасёлку Мір, тэатры ў Менску. Цяпер гэтыя аб’екты з’яўляюцца іміджавымі для Беларусі і даюць магчымасць прыцягваць турыстаў. Разам з тым нельга не браць пад увагу прыклады зацікаўленасці мясцовых выканаўчых і распадарчых органаў, якія прымаюць меры па адшуканні сродкаў для адраджэння аб’ектаў спадчыны. Сярод такіх работ, якія выконваюцца без прыцягнення сродкаў рэспубліканскага бюджэту, – аднаўленне палаца ў Ружанах Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, распрацоўка праектнай дакументацыі па Старым замку ў Гародні. Можна гаварыць таксама аб рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей за кошт сродкаў уласнікаў – сядзібы ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобласці, вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і інш.
Цяпер у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 5 тыс. 563 аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку: помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва, запаведныя мясціны – 1 тыс. 824; помнікі гісторыі – 1 тыс. 204; помнікі мастацтва – 61; помнікі археалогіі – 2 тыс. 263; нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (абрады, традыцыі, тэхналогіі, якія адлюстроўваюць традыцыйную беларускую культуру) – 119, рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (прадметы мастацтва, гербы) – 92.