„Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы”



Новая кніга-даследаванне Івана Будніка „Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы” была прэзентавана ў  „Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гародні.

Аўтар дэтальна вывучыў акалічнасці вызвалення ў 1944 годзе поўдня гарадзенскага раёна ад немцаў. Дзеля гэтага вывучаў не толькі мясцовыя дакументы, але і архіў савецкай арміі, які знаходзіцца ў Расейскай Федэрацыі.

Працу Івана Будніка належна ацаніў прафесар Аляксей Пяткевіч, які быў на прэзентацыі.

– Гэта кніга зойме сваё месца. Яна па-свойму арыгінальная, мае сваю каштоўнасць і выкліча ўвагу ў тых, хто цікавіцца 1944 годам. Іван Фёдаравіч, выступаючы, дзяліўся ўражаннямі, якіх у кнізе няма. Ён вытрымліваў стыль, манеру і, безумоўна, мае рацыю. Адна справа – інфармацыйная хроніка, другая справа – успаміны. Калі ўспамінаеш, то можаш наблытаць.

На думку Аркадзя Жукоўскага – майстра гістарычнага апавядання з Гародні, Іван Буднік мог бы прадоўжыць кнігу аналізам падзеяў. Бо маладому пакаленню неабходна ведаць прычыны такіх вялізных стратаў з боку савецкага войска ў ліпені 1944 года.

– Чаму загінулі 19-гадовыя людзі вось такім спісам? Мы ў гэтым сэнсе не адзінокія. Не паспелі зрабіць мабілізацыю. Чаму? Бо генеральны – будучы генералісімус – змовіўся яшчэ з адным фюрэрам, але адзін аднаго падманулі. І Украіну захапілі імгненна, амаль так хутка, як Беларусь. У выніку мабілізацыю не правялі – ні ў нас, ні ў іх. Мае дзядзькі пайшлі ў партызаны таксама маладымі, адзін – не вярнуўся.

Кніга стала ўдалым даробкам у вывучэнні падзеяў 1944 года. Яна насычана фактамі, табліцамі, імёнамі. Выданне кнігі Івана Будніка ажыццявіла выдавецтва “ЮрсаПрынт”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара